На думку ініцыятараў законапраекту, усе расейцы, якія прыяжджаюць у краіну альбо ўжо знаходзяцца ў Грузіі ў якасьці турыстаў, абавязаныя сплаціць у дзяржаўную казну 1000 лары (каля $350). У адваротным выпадку грамадзянін Расеі ня зможа перасекчы мяжу, у тым ліку праз КПП Верхні Ларс — Казьбегі на сухапутным участку расейска-грузінскай мяжы. Калі ж ён ужо знаходзіцца ў краіне, ён можа быць выдвараны — хоць грузінскае заканадаўства і прадугледжвае гадавы бязьвізавы рэжым для турыстаў, у тым ліку з Расеі.
Крыніцы ў кіруючай партыі «Грузінская мара» пакуль не камэнтуюць законапраект, але намякаюць, што ён наўрад ці будзе прыняты. Урад Іраклія Гарыбашвілі часта паказвае на двухзначныя лічбы эканамічнага росту і не хавае, што гэты рост шмат у чым забясьпечаны менавіта вялікай плыньню турыстаў з Расеі.
Акрамя таго, прэм’ер Гарыбашвілі неаднаразова падкрэсьліваў сутнасьць палітыкі Тбілісі ва ўмовах вайны ва Ўкраіне: «Грузія не далучыцца да антырасейскіх санкцый і не дапусьціць адкрыцьця „другога фронту“ супраць Расеі». Акрамя таго, Грузія ўзяла на сябе абавязаньні перад ЭЗ не дапускаць дыскрымінацыі ў любой форме — а ў прапанаваным законапраекце праваабаронцы ўгледзелі прыкметы дыскрымінацыі.
У апошнія дні рэзка вырасла колькасьць грамадзян Расеі, якія спрабуюць трапіць у Грузію праз памежны пераход «Верхні Ларс». Многія зь іх не хаваюць, што зьяжджаюць з прычыны абвешчанай у Расеі мабілізацыі. На памежным пераходзе ўзьнікла вялізная чарга. Улады Грузіі заяўляюць, што ня маюць намеру абмяжоўваць уезд расейцаў.
Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй. Масква ў 2008 годзе прызнала незалежнасьць гэтых самаабвешчаных рэспублік.