Дзярждэпартамэнт нагадвае, што 21 верасьня ў Расеі была абвешчаная мабілізацыя. «Расея можа адмовіць у прызнаньні грамадзянства ЗША асобам з другім грамадзянствам, адмовіць ім у доступе да консульскай дапамогі ЗША, перашкодзіць іх выезду з Расеі і прызваць асоб з другім грамадзянствам на вайсковую службу», — папярэджваюць ЗША.
Цяпер, зьвяртае ўвагу Дзярждэпартамэнт, з Расеі ў іншыя краіны выконваецца толькі абмежаваная колькасьць рэйсаў, і квіткі на іх на бліжэйшыя даты могуць быць недаступныя, але сухапутныя межы «ўсё яшчэ адкрытыя».
Таксама Дзярждэпартамэнт настойліва рэкамэндуе грамадзянам ЗША ўстрымацца ад паездак у Расею, а тых, хто цяпер знаходзіцца ў РФ, просіць пазьбягаць «любых палітычных або сацыяльных пратэстаў».
З просьбай пакінуць тэрыторыю Расеі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне да сваіх грамадзян раней таксама зьвярнуліся МЗС Польшчы і Баўгарыі. У МЗС Польшчы падкрэсьлілі, што перасьцярога найперш тычыцца палякаў, у якіх ёсьць падвойнае грамадзянства. «У выпадку рэзкага пагаршэньня абстаноўкі ў пляне бясьпекі, закрыцьця межаў або іншых непрадбачаных сытуацый эвакуацыя можа аказацца значна больш цяжкай або нават немагчымай», — папярэдзілі ў ведамстве.