Кампаніі выйгралі конкурсы на пастаўку прадукцыі на суму звыш 985 мільёнаў грыўняў (26,9 мільёна даляраў у эквіваленце, паводле курсу Нацыянальнага банку Ўкраіны. — РС).
Паводле адпаведнага дасьледаваньня, якое зрабілі аналітыкі цэнтру R&D YouControl (украінская аналітычная сыстэма, якая аналізуе ўсе зьвесткі аб юрыдычных асобах на падставе адкрытых рэестраў), толькі ў жніўні сярод кампаній — пераможцаў тэндэраў у набыцьці прадукцыі і паслуг за сродкі дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны юрыдычных асобаў, зьвязаных зь Беларусьсю ці Расеяй, ужо не было.
Згодна з дасьледаваньнем, каля 50% кампаній-пераможцаў працуюць у сфэры раздробнага і гуртавога гандлю рознымі таварамі, крыху больш за 20% — у перапрацоўчай прамысловасьці, астатнія займаюцца прафэсійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасьцю.
«На гэты факт мусіць зьвярнуць увагу ўлада ў межах забесьпячэньня адзінай і комплекснай санкцыйнай палітыкі. Таксама спадзяёмся, што адсутнасьць „крывавых“ тэндэраў у жніўні будзе не выключэньнем, а сталай тэндэнцыяй, бо супраца з контрагентамі з Расеі і Беларусі непрымальная ў любой форме», — перакананыя аналітыкі цэнтру.
Найбольшыя пераможцы, зьвязаныя зь Беларусьсю
Аналітыкі YouControl не называюць дакладнай колькасьці кампаній, якія перамаглі ў тэндэрах і маюць сувязь зь Беларусьсю — заснавальнік або бэнэфіцыяр зьяўляецца грамадзянінам Беларусі або прадпрыемствы зарэгістраваныя на беларускай тэрыторыі.
У дасьледаваньні назвалі шэсьць такіх кампаній, якія атрымалі зь дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны найбольш фінансавых рэсурсаў.
Па выніках тэндэраў ТАА «Лабвіта» падпісала кантракты амаль на 44 мільёны грыўняў (1,2 мільёна даляраў у эквіваленце). Кампанія працуе на ўкраінскім рынку са студзеня 2012 году. Яе заснавальніца і ўласьніца — грамадзянка Беларусі Алена Латушка. Згодна з статутнымі дакумэнтамі, ТАА «Лабвіта» займаецца гуртавым гандлем мэдычнай тэхнікай і абсталяваньнем, іх рамонтам, а таксама іншай спэцыялізаванай мэдычнай практыкай.
У 2017 годзе прозьвішча Алены Латушкі гучала ў прывязцы да беларускіх кампаній, якія нібыта плацілі хабар, каб выйграць тэндэр на пастаўку ў мэдычныя ўстановы Беларусі.
Кампанія ТАА «Вента.Лтд», якая займаецца пастаўкамі фармацэўтычных тавараў, падпісала 82 дзяржаўныя кантракты на 23 мільёны грыўняў (прыблізна 630 тысяч даляраў у эквіваленце). У дасьледаваньні адзначаецца, што 24% статутнага капіталу кампаніі належыць расейскаму АТ «Катрен» (у жніўні кіеўскі суд арыштаваў менавіта гэты пакет акцый. — РС).
Непасрэднай сувязі зь Беларусьсю заснавальнік гэтай украінскай кампаніі ня мае. У той жа час ён валодае кантрольным пакетам акцый (51%) беларускага ТДА «Дамінантафарм», якое зьяўляецца лідэрам у камэрцыйным сэгмэнце рынку фармацэўтычнай дыстрыб’юцыі ў Беларусі.
Прыватнае акцыянэрнае таварыства «Броварське шляхово-будівельне управління № 50» атрымала дзяржаўных кантрактаў на 10,6 мільёна грыўняў.
Згодна з адкрытымі зьвесткамі, яго акцыянэры — 207 фізычных асоб, і цалкам магчыма, што адна зь іх — грамадзянін Беларусі.
У той жа час, паводле ўкраінскіх СМІ, 74% акцый кампаніі валодае колішні кіраўнік «Украўтадору», генэральны дырэктар Віктар Гаўрыленка. Свабода не знайшла прамой сувязі гэтага прадпрыемства зь Беларусьсю.
ТАА «Артлайн інтеграція» атрымала ва Ўкраіне дзяржаўныя кантракты на 4,4 мільёна даляраў. Да 2021 году ўласьнікам кампаніі быў і грамадзянін Расеі Андрэй Марока, цяпер — двое грамадзян Украіны. Дасьледчыкі цэнтру R&D YouControl не ўдакладняюць прамой сувязі кампаніі зь Беларусьсю. Кампанія займаецца праграмным забесьпячэньнем, а таксама продажам і рамонтам кампутарнай тэхнікі.
Аналітыкі сыстэмы YouControl аднесьлі да такіх, што маюць сувязь зь Беларусьсю, і газаразьмеркавальнае прадпрыемства «Житомиргаз» (атрымала 3 мільёны грыўняў на выкананьне дзяржаўнага кантракту). Кампанія афіліяваная з Group DF, якую кантралюе алігарх Дзьмітры Фірташ празь яе акцыянэра ПрАТ «Газтек».
І апошняя кампанія, якую аналітыкі зьвязваюць зь Беларусьсю, нягледзячы на тое, што ёю валодаюць грамадзяне Ўкраіны, — гэта ТАА «Лябараторыя інфармацыйных сыстэм». Яна на 3,5 мільёна грыўняў атрымала дзяржаўных заказаў паводле тэндэраў. Кампанія займаецца кампутарным праграмаваньнем, продажам і рамонтам кампутарнай тэхнікі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.