Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская рада пісьменьнікаў высунула прапановы, як спыніць парушэньні моўных правоў беларусаў і ўкраінцаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З нагоды сьвяткаваньня Эўрапейскага дня моваў праект #FreeAllWords зьвярнуў увагу грамадзкасьці на няспынныя парушэньні моўных правоў пісьменьнікаў у Беларусі і ва Ўкраіне.

«На акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях Украіны адбываецца мэтанакіраванае зьнішчэньне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці, гэта значыць усяго, што мае дачыненьне да ўкраінскай мовы і культуры, — тлумачыць Ніна Георге, раманіст і прэзыдэнт Эўрапейскай рады пісьменьнікаў (European Writers’ Council, EWC). — Наўзамен гвалтоўна ўкараняецца расейская мова, расейская культура, расейскі сьветапогляд і ідэалёгія, а людзей, якія размаўляюць па-ўкраінску, катуюць і забіваюць».

У Марыюпалі акупацыйныя ўлады замяняюць украінскія падручнікі на расейскія і ўкараняюць расейскую вучэбную праграму, запалохваючы бацькоў вучняў. У Балаклеі падчас акупацыі нельга было размаўляць па-ўкраінску, толькі па-расейску. На акупаваных тэрыторыях зьнішчаюць украінамоўныя кнігі ў бібліятэках. Дэпартаваных у Расею ўкраінскіх дзяцей прымусова русыфікуюць.

Парушэньні моўных правоў у Беларусі

За гады кіраваньня Лукашэнкі колькасьць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, зьменшылася з 85,6% (1999) да 61,2% (2019). Беларускамоўныя школы наведваюць толькі 11,1% вучняў, а самі школы пераважна знаходзяцца ў сельскай мясцовасьці. Дзеці, якія навучаюцца па-беларуску, ня маюць магчымасьці працягнуць сваю адукацыю на беларускай мове ва ўнівэрсытэтах, бо ў Беларусі няма аніводнай вышэйшай навучальнай установы зь беларускай мовай выкладаньня. Мова беларускага друку і мэдыя — пераважна расейская. Мова дзяржаўнага справаводзтва і арміі — расейская.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году сытуацыя істотна пагоршылася. Дадаўся перасьлед уласна носьбітаў мовы. У 2022 годзе ў Беларусі людзей саджаюць у турмы за сам факт выкарыстаньня беларускай мовы, а беларускамоўныя кнігі ўключаюць у сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Можна падрабязьней азнаёміцца з аглядам моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі, падрыхтаваным грамадзкай арганізацыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў». Аўтары агляду моўнай дыскрымінацыі падзялілі статыстыку на разьдзелы:

  • носьбіты мовы;
  • адукацыя;
  • бібліятэкі;
  • прэса;
  • кнігадрук;
  • мэдыя

Прапановы EWC

  • зварот да міжнароднай супольнасьці — ствараць праекты перакладаў, праграмы падтрымкі ці рэзыдэнцый і стыпэндый дзеля захаваньня беларускай і ўкраінскай моваў;
  • зварот да кнігавыдаўцоў — публікаваць беларускія і ўкраінскія кнігі ў арыгінале, асабліва тыя творы, якія былі забароненыя ці абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»;
  • заклік, каб Камітэт па правах чалавека Парлямэнту Эўрапейскага Зьвязу зрабіў адпаведныя захады дзеля абароны культурнай і лінгвістычнай спадчыны Ўкраіны і Беларусі;
  • заклік да UNESCO дасьледаваць сытуацыю ў Беларусі і ва Ўкраіне з пункту гледжаньня моўнай разнастайнасьці, парушэньняў правоў чалавека і лінгвістычнай спадчыны.

#FreeAllWords — праект падтрымкі беларускіх і ўкраінскіх аўтараў ва ўсіх жанрах, арганізаваны пад эгідай Эўрапейскай рады пісьменьнікаў. #FreeAllWords заснаваны пісьменьніцкімі саюзамі A*dS (Пісьменьнікі Швайцарыі), Forfatterforbundet (Нарвэгія) і Супольнасьць беларускіх пісьменьнікаў (Беларусь).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG