Асудзілі за майку са «спэцыфічнай сымболікай»
У пачатку верасьня ў санаторыі «Лясное» сілавікі затрымалі мужчыну, які прыехаў на адпачынак. Падставай стала майка з «Пагоняй» і з надпісам «#БНР100 Хай воля вечна будзе з намi!». На судзе мужчына цалкам прызнаў віну і патлумачыў, што ў канцы жніўня ён разам з жонкай прыехаў на адпачынак у санаторый. У адзін з дзён апрануў майку і нейкі час знаходзіўся ў ёй у адміністрацыйным будынку сярод адпачывальнікаў, піша «Вясна».
На майку са «спэцыфічнай сымболікай» зьвярнуў увагу нейкі «неабыякавы грамадзянін» і паскардзіўся ў Докшыцкі РАУС. У выніку мужчыну затрымалі, а майку забралі. Да матэрыялаў справы далучылі відэазапіс з санаторыя, на якім зафіксаваны «ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні». Вядома, што ў студзені мужчыну ўжо судзілі па арт. 24.23 КаАП.
Судзьдзя Докшыцкага раёну Вячаслаў Елісеенка 5 верасьня прызнаў мужчыну вінаватым у «пікетаваньні» і арыштаваў яго на 15 сутак, а майку пастанавіў зьнішчыць.