Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сабраць двух дзяцей у садок — мінімум 400 рублёў». За што «дадаткова» плацяць беларусы з малымі дзецьмі


Беларусы напярэдадні «адпраўкі» дзяцей у садок атрымліваюць вялізныя сьпісы неабходнага. Чытачы Свабоды падзяліліся з намі такімі сьпісамі і развагамі — колькі і за што плацяць бацькі ў садках.

«Чатыры рулёны туалетнай паперы на 2-гадовае дзіця? Яны нармальныя там? Чаму мы мусім набываць і парашкі, і мыйныя сродкі за свае грошы?». Некаторых беларусаў абурылі сьпісы таго, што «неабходна» дзецям у садок.

«На мыйныя сродкі, на рамонт, на новы лінолеўм...»

У Карыны (імя зьмененае. — РС) двое дзяцей ходзяць у садок. Адзін — у ясельную групу, другі — у малодшую. На сыноў яна атрымала, як і ўсе бацькі, сьпісы неабходнага. Апроч стандартных алоўкаў, фарбаў, кардону і каляровай паперы ў сьпісах — мыйныя сродкі для посуду, туалета, пральны парашок. Плюс спартыўная форма і абутак для старэйшага.

Карына падлічыла, што куплі па сьпісе пацягнуць каля 400 рублёў. Апроч сьпісаў, яшчэ трэба здаваць грошы на так званыя «папячыцельскія», на рахунак садку. Карына плянуе, што сёлета гэта будзе каля 50 рублёў. Летась яна папоўніла рахунак садку на адно дзіця на 30 рублёў.

«Здаецца, і ў сьпісах нічога такога асаблівага. Але паглядзіце цяперашнія цэны. Гэта зусім нямала. Мы шматдзетныя, таму за садок плацім палову, гэта з ільготай выходзіць 50 рублёў на адно дзіця», — патлумачыла беларуска.

У дзіцячым садку «паложана» дапамагаць з рамонтамі. Праводзіцца бацькоўскі сход, на якім абмяркоўваецца — колькі бацькі могуць дапамагчы і на што менавіта. «Летась у дзіцячай спальні мянялі лінолеўм. Спачатку дамаўляліся па 5 рублёў з чалавека — цярпіма. Потым цэны вырасьлі, і вырашылі, што бацькі мусяць здаць ажно па 60 рублёў. Многія адмовіліся здаваць», — дадала маладая маці.

Нягледзячы на неблагі заробак мужа і «дзіцячыя» — дзяржаўную грашовую дапамогу, сям’і нялёгка жыць пры росьце цэнаў. «Дапамагаюць бабулі і дзядулі, у якіх саміх невысокі заробак, сваякі, якія аддаюць дзіцячае адзеньне, і наш тата, які стараецца падпрацоўваць», — кажа Карына.

«Чатыры рулёны туалетнай паперы для двухгадовага дзіцяці?»

Анастасія (імя зьмененае. — РС) перачытвае сьпіс, які ёй уручылі як маці 2-гадовага дзіцяці ў садку. «Альбом для маляваньня, каляровая папера і кардон, размалёўка, алоўкі, фарбы, кніга, настольныя гульні — гэта я яшчэ разумею. Але мы мусім яшчэ здаць і файлы, і паперу для офісу, сурвэткі, губкі, папяровыя ручнікі, пакункі для сьмецьця!» — кажа маладая маці.

У сьпісе — мыйныя сродкі для посуду, для ўнітазу, вадкае мыла, вільготныя сурвэткі, туалетная папера — чатыры рулёны.

«Яшчэ патрабуюць здаць грошы на фіранкі. Для чаго тады бюджэт, для чаго аддзел адукацыі, калі мы плацім ня толькі за садок, але і „дадаткова“ — за ўсё літаральна?» — кажа Анастасія.

Яна падлічыла, што на ўсе гэтыя зборы, з улікам здачы грошай на фіранкі, ёй трэба каля ста рублёў. Гэта ня лічачы адзеньня для дзіцяці, спартыўнай формы, абутку.

Іншая маці, Кацярына (імя зьмененае. — РС) абураная тым, што дзіцячы садок не абсталявалі ахоўна-пажарнай сыстэмай, але аддзел адукацыі прыняў яго ў «эксплюатацыю» да 1 верасьня. Цяпер жа кіраўніцтва садку прапанавала бацькам «скінуцца» на ахоўна-пажарную сыстэму. Просяць «няшмат» — па 30 рублёў з чалавека.

«Дома, калі няма пажарнага апавяшчальніка, — тут жа могуць напісаць „прадпісаньне“, прымушаць усялякімі спосабамі яго ўсталяваць. Тут жа цэлы садок прынялі без ахоўна-пажарнай сыстэмы — гэта адно. Цяпер яе хочуць усталяваць за наш кошт. Нам патлумачылі, што ў аддзелу адукацыі на гэта няма грошай. У нас, выходзіць, грошы ёсьць — заўсёды і на ўсё, што трэба і ня трэба», — кажа Кацярына.

У сярэднім цяпер цэны ў Беларусі такія, што за ясьлі бацькі мусяць заплаціць каля 80 рублёў за месяц, за садок — каля 98 рублёў. Шматдзетныя бацькі маюць зьніжку 50%. Таксама зьніжкі маюць бацькі, якія жывуць на тэрыторыі з радыяцыйным забруджаньнем. Плату не бяруць з бацькоў дзяцей-інвалідаў і тых, якія церпяць на анкалягічныя захворваньні.

Што ў нашых суседзяў?

Беларуска Вера (імя зьмененае. — РС) некалькі месяцаў таму пераехала жыць у польскі Люблін. Пяцігадовую дачку яна аддала ў дзяржаўны садок.

«Не было аніякіх праблем з тым, што я не грамадзянка Польшчы. Прынялі дакумэнты, і ўсё. Плацім мы толькі за харчаваньне — 9 злотых у дзень (4,5 беларускага рубля). Пяць гадзін дзіця знаходзіцца ў садку бясплатна, за кожную наступную гадзіну трэба плаціць 1 злоты (каля 50 капеек). Як мы шматдзетная сям’я, то мы маем зьніжку, адпаведна, плацім 50 грошаў за гадзіну (каля 23 капеек)», — расказала Вера.

Яна здала 50 злотых (каля 25 беларускіх рублёў) на бацькоўскі камітэт. З гэтых грошай камітэт набывае ўсё для дзяцей на год — алоўкі, фарбу, каляровую паперу, размалёўкі. З гэтых жа грошай дзеці ходзяць у музэі, на экскурсіі, «на піцу» і розныя забавы.

Яшчэ 130 злотых Вера аддала за падручнікі, бо ў дзіцяці пачынаецца падрыхтоўка да школы.

«Патрабаваньняў да адзеньня ці абутку няма. Адзінае, што прасілі, каб падэшвы былі белыя, бо цёмныя падэшвы пакідаюць на падлозе пісягі», — дадала беларуска.

Іншая беларуска, Марына, аддала дзяцей у прыватны садок. Ён каштуе 300 злотых на месяц (каля 160 рублёў). У асноўным прыватныя садкі каштуюць 500 злотых, але гэты садок каталіцкі, таму таньнейшы.

За ежу на адзін дзень Марына плаціць 12 злотых (каля 6 рублёў). Калі дзіця будзе хадзіць у садок цэлы месяц, харчаваньне будзе каштаваць 180 злотых (каля 93 рублёў).

Марына кажа, што перад садком яны не набываюць анічога — ні алоўкаў, ні фарбаў, бо гэта ўсё ёсьць у садку. Праўда, «скідаюцца» на папяровыя ручнікі і сурвэткі. «На рамонты мы не скідаемся. Адзінае, што аднойчы бацькоў папрасілі добраахвотна пафарбаваць плот у садку. Гэта было адзін раз на два гады. На гэтым усё», — кажа беларуска.

У Літве большасьць садкоў фінансуецца муніцыпалітэтам. Ёсьць і прыватныя садкі. Іх кошт — ад 150 да 420 эўра ў месяц. Бацькам, чые дзеці ходзяць у прыватны садок, муніцыпалітэт дае субсыдыю ў памеры 100 эўра.

У дзяржаўных садках бацькі плацяць за харчаваньне. У асноўным гэта каля 50 эўра ў месяц. Дзець з шматдзетных сем’яў, калі ёсьць неабходныя дакумэнты, атрымліваюць харчаваньне бясплатна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG