Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адкрыўся офіс «Беларускага бізнэс-цэнтру»


У цэнтры Варшавы па адрасе Новы Сьвят, 32 адкрыўся офіс «Беларускага бізнэс-цэнтру», якім беларускія кампаніі могуць бясплатна карыстацца на пачатку сваёй дзейнасьці ў Польшчы.

У Польшчы зарэгістравана больш за 3700 кампаній зь беларускім капіталам

Многія беларускія заснавальнікі стартапаў, кіраўнікі і ўласнікі кампаній прынялі рашэньне аб геаграфічнай дывэрсыфікацыі свайго бізнэсу. Яны адкрываюць офісы і прадстаўніцтвы за мяжой і пераводзяць туды сваіх супрацоўнікаў.

У кастрычніку 2020 году Саюз польскіх прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ZPP) арганізаваў кантактны пункт для інвэстараў зь Беларусі, крыху пазьней быў запушчаны бясплатны праект Belarus Business Center — «Беларускі бізнэс-цэнтар» (ВВС).

Паводле прадстаўніка «Беларускага бізнэс-цэнтру», з пачатку 2022 году ў Польшчы зарэгістравалі каля 500 кампаній, дзе адзін з заснавальнікаў — фізычная альбо юрыдычная асоба зь Беларусі. А ўсяго ў Польшчы зарэгістравана 3709 кампаній зь беларускім капіталам.

У Польшчы прадказальнае бізнэс-асяродзьдзе і заканадаўства, канкурэнтаздольны ўзровень падаткаабкладаньня, затрат на рабочую сілу і офісы, кажуць прадстаўнікі Цэнтру. Да таго ж тут ёсьць вялікая беларуская дыяспара, і рэлякаваныя супрацоўнікі могуць адчуваць сябе ў Польшчы камфортна.

Усе паслугі ў офісе ВВС бясплатныя

22 верасьня ў цэнтры Варшавы адкрыўся Open Space для беларускіх кампаній.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця офісу выступіла кіраўніца праграм USAID у Беларусі Джэна Таджчман (Jenna Tajchman, USAID Belarus Country Director), якая паабяцала беларускім бізнэсоўцам усебаковую падтрымку і дапамогу.

У чырвоным -- кіраўніца праграм USAID у Беларусі Джэна Таджчман
У чырвоным -- кіраўніца праграм USAID у Беларусі Джэна Таджчман

У новым офісе ёсьць абсталяваныя працоўныя месцы для бізнэсоўцаў, канфэрэнц-заля, перамоўныя, кухня.

Беларускія кампаніі могуць выкарыстоўваць гэты офіс на пачатку сваёй дзейнасьці ў Польшчы.

Паводле разьлікаў заснавальнікаў, такая дапамога асабліва патрэбная для малога і сярэдняга бізнэсу, які працаваў на экспарт, на заходнія рынкі. Многія кампаніі ня маюць фінансавых магчымасьцяў, каб адразу перавезьці ўсіх супрацоўнікаў, таму пераяжджаюць паступова: спачатку кіраўнікі пачынаюць з-за мяжы рэінвэставаць капітал, шукаюць суайчыньнікаў у Польшчы.

«Тут беларускаму бізнэсу гатовыя дапамагчы ў пытаньнях падаткаабкладаньня, польскага заканадаўства, арэнды офісаў, рынку працы і ў іншых важных аспэктах у працэсе рэлякацыі.

Тут можна атрымаць юрыдычныя кансультацыі на ўсіх этапах адкрыцьця і вядзеньня бізнэсу, падтрымку ў кантактах з органамі ўлады Польшчы, мэнтарскую падтрымку ад польскіх экспэртаў, паўдзельнічаць у шматлікіх сэмінарах, вэбінарах і трэнінгах. Мы хочам, каб гэты офіс стаў пляцоўкай, дзе можна знайсьці аднадумцаў, сустрэцца зь іншымі бізнэсоўцамі», — кажа прадстаўнік Беларускага бізнэс-цэнтру.

Усе паслугі ў офісе Беларускага бізнэс-цэнтру бясплатныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG