Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэха божае мілосьці захаваў паэт у вершах». Ігар Крэбс пераклаў «Габрэйскія мэлёдыі» Гайнрыха Гайнэ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Хачу сёньня напісаць некалькі словаў пра нечаканае выданьне, якое выйшла ў Беларусі ў гэты барбарскі час, калі беларускамоўныя кнігі ў краіне пачалі арыштоўваць і закопваць у зямлю.

Генрых Гайнэ. «Габрэйскія мелодыі. Вершы». Пераклад зь нямецкай Ігара Крэбса. Менск, Выдавец Р. М. Цымбераў, 2022.

Калісьці я трапіў пад зьнішчальны агонь крытыкі беларускіх перакладчыц і перакладчыкаў, заявіўшы ўголас, што нам ня варта перакладаць клясыку, якую ўжо пераклалі на расейскую мову. Маўляў, з прагматычнага гледзішча шкада нашага часу і высілку. Лепш перакладаць новае, якога яшчэ няма па-расейску.

Выказваючы гэтае перакананьне, я меў на ўвазе, зразумела, пераклады клясычнай прозы. З клясычнай паэзіяй — наагул рытмізаванай і рыфмаванай — зусім іншая справа. Тут варта нам пакарпець, бо ж кожны такі паэтычны пераклад розьніцца — часам вельмі істотна — як ад арыгіналу, так і адзін ад аднаго. Значыць, тут на расейскіх перакладчыкаў ня варта разьлічваць, што гэта яны адкрыюць нам вочы, што ў клясычнай паэзіі нам павінна падабацца, а што не.

Таму сёньня, прысеўшы напісаць кароткі водгук на кнігу паэзіі Гайнрыха Гайнэ (1797–1856) у беларускім перакладзе Ігара Крэбса, я хачу ня толькі ўхваліць руплівасьць перакладчыка, але і паўтарыць сваё перакананьне — з клясычнай замежнай прозай валтузіцца нашым перакладчыкам няма прагматычнага апраўданьня, пагатоў цяпер, калі шанцы на яе рэнтабэльнае выданьне і распаўсюд наблізіліся да круглага нуля.

Гайнрых Гайнэ
Гайнрых Гайнэ

У арыгінале вершы пад назовам «Габрэйскія мэлёдыі» («Hebräische Melodien») складаюць трэцюю кнігу (drittes Buch) апошняга прыжыцьцёвага зборніка Гайнрыха Гайнэ «Romanzero» (1851). Гэта тры творы: «Прынцэса Шабат» («Prinzessin Sabbath»), «Егуда бэн Галеві» («Jehuda ben Halevi»), «Дыспут» («Disputation»). У выданьні Р. М. Цымберава яны папярэджаныя перакладам верша «Донна Клара» з найбольш вядомага зборніка Гайнэ «Кніга песьняў» («Buch der Lieder», 1827).

«Габрэйскія мэлёдыі» пісаліся паэтам на эміграцыі ў Парыжы — дзе ён пражываў ад 1831 году да сваёй сьмерці — калі Гайнэ быў ужо цяжка хворы і практычна не пакідаў ложка. Сам Гайнэ называў апошні этап свайго жыцьця «матрацнай магілай». «Габрэйскія мэлёдыі» — вяртаньне паэта да сваіх габрэйскіх каранёў: духоўных, культурных, гістарычных. Гайнэ нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Дусэльдорфе, хлопца назвалі Хаімам. Імя Гайнрых яму далі ў 1825 годзе, калі ён мусіў прыняць лютэранства, каб атрымаць унівэрсытэцкі дыплём доктара права, якога тады не давалі нехрысьціянам. Дарэчы, варта тут з удзячнасьцю адзначыць, што выданьне Р. М. Цымберава папярэджанае саліднай прадмовай Галіны Сінілы, прафэсаркі катэдры замежнай літаратуры і катэдры культуразнаўства БДУ, якая ўстаўляе пераклады Ігара Крэбса ў адпаведны гістарычны і літаратуразнаўчы кантэкст. І камэнтары пад канец кнігі таксама вельмі карысныя і дарэчныя.

«Прынцэса Шабат» — гэта жартаўліва-лірычны гімн сьвяткаваньню габрэямі суботы, шабату. «Егуда бэн Галеві» — расповед пра жыцьцё выдатнага габрэйскага паэта і навукоўца (больш дакладна яго імя гучыць як Егуда га-Леві), які жыў у сярэднявечнай Гішпаніі і пад канец свайго жыцьця выбраўся ў Ерусалім. «Дыспут» — іранічна-зьедлівы абразок з рэлігійнай спрэчкі паміж сярэднявечнымі юдзеем і хрысьціянінам (манахам-францішканцам).

Перакладчык Ігар Крэбс
Перакладчык Ігар Крэбс

Пераклады Ігара Крэбса вельмі добрыя, а што тычыцца «Дыспуту» — дык гэта проста бравурна пераствораны тэкст і, што ня менш важнае, вельмі забаўны. Давайце пад канец я працытую некалькі фрагмэнтаў зь яго.

Пра ўмову дыспуту хрысьціяніна і юдзея перад каралём Пэдрам Лютым у Таледа:

Ёсьць для двух бакоў умова,
Дагаворана між імі:
Той, хто ў дыспуце прайграе,
Веру пераможца прыме.

Іудзей прыняць хрышчэньне
Абавязаны адразу,
А манаху абразаньне
Пагражае праз паразу.

З выступу манаха:

Вы, габрэі, гнюсны вобраз
Кракадзіла, бегемота,
Падабенства малпы ўбогай
І паганая сьвінота.

Груганьнё вы, казадоі,
Кажаны, сычы, удоды,
Сівагракі, васіліскі
Найчарнейшае пароды.

Падкалодныя гадзюкі,
Ядавітыя рапухі,
Выдры, пацукі, хахулі,
Вам Хрыстос ня дасьць аддухі.

З выступу юдзея:

Мне ніколі не трапляўся
Бог Хрыстос. Зь нявіннай мамай
Пазнаёміцца, на жаль, я
Гонару ня меў таксама.

Шкода, што ў Ерусаліме
Мо вякоў таму з дванаццаць
Бога вашага замоцна
За каўнер маглі памацаць.

Хто адкажа, што Ісуса
Іудзеі забівалі?
Зьніклі з corpus’ам delicti
Ў трэці дзень усе дэталі.

А яшчэ мы сумняёмся,
Што наш Бог — ягоны татка.
Бог бязьдзетны, бо ня мае
Неабходнасьці ў нашчадку.

Рэха божае мілосьці захаваў паэт у вершах — гаворыцца пра сярэднявечнага паэта Егуду бэн Галеві ў аднайменным вершы Гайнрыха Гайнэ праз пасярэдніцтва Ігара Крэбса. Думаю, што гэткае рэха кранула таксама слых перакладчыка.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG