Школа так і застаецца закрытай. Беларускія ўлады не дазволяць аднавіць навучаньне ў літоўскай сярэдняй школе ў Пялесе, заявіў 19 верасьня віцэ-міністар адукацыі, навукі і спорту Літвы Рамунас Скаўджус, піша Delfi.lt.
«Калі былі агучаныя дадатковыя патрабаваньні пажарнай бясьпекі, дырэктар зь імі не пагадзіўся і пачаўся судовы працэс. Але вельмі выразна было сказана, што, як бы ні скончыўся судовы працэс, дазвол выдадзены ня будзе», — сказаў літоўскі палітык.
Паводле яго, да школы выставілі патрабаваньні, якія прымушаюць зьмяніць канструкцыю будынку. Па зьвестках Скаўджуса, у гэтай школе вучылася каля 120 дзяцей, бацькі перапісалі іх у найбліжэйшыя школы.
«Настаўнікам выплачана выхадная дапамога, на сёньняшні дзень яшчэ застаецца працаваць адміністрацыя, каб вырашаць гаспадарчыя пытаньні, — сказаў ён.
Чыноўнік адзначыў, што, паколькі школа пабудаваная і абсталяваная на сродкі Літвы, у Міністэрстве замежных спраў абмяркоўваюць, як вярнуць маёмасьць, якая знаходзіцца ў гэтай школе: інтэрактыўныя дошкі, мікрааўтобусы.
У другой літоўскай школе ў Беларусі, у Рымдзюнах, вучыцца каля 90 дзяцей, але навучаньне яны атрымліваюць ужо не на літоўскай, а на беларускай мове, бо ў красавіку набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі аб навучаньні ў школах толькі на расейскай і беларускай мовах.
«У Рымдзюнах засталіся два настаўнікі, якім была дадзена магчымасьць выкладаць літоўскую мову празь нефармальную дзейнасьць», — сказаў Скаўджус.