Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба чакаць месяцамі». Лукашэнка абяцае сагрэць Польшчу, але ці проста беларусам нарыхтаваць дровы на зіму?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пакуль Лукашэнка абяцае сагрэць Эўропу, многія жыхары Беларусі ня могуць дачакацца дроваў на зіму. Чэргі ў лясгасах расьцягнуліся на месяцы, а самі дровы вязуць гнілыя і крывыя. Сабралі гісторыі з розных куткоў краіны.

Аляксандар Лукашэнка ў кампаніі з тэнісным трэнэрам і бізнэсоўцам Сяргеем Цяцерыным калолі дровы на камэру. У кароткім роліку яны казалі, што дапамогуць «замярзаючай Эўропе».

Супрацоўнікі райвыканкамаў, раённых газэт, а таксама іншых дзяржаўных установаў нават запусьцілі ў сацсетках флэшмоб з хэштэгам #согреемдуду. Маецца на ўвазе прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Але ці ідэальная сытуацыя з дровамі ў самой Беларусі? Свабода сабрала гісторыі з розных канцоў краіны.

«То трактар зламаўся, то дзялянкі няма»

Максім (імя зьмененае дзеля бясьпекі) — жыхар Ганцавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Кажа, што раней жыў у горадзе ў прыватным доме. І там пытаньне з дровамі вырашалася няблага намаганьнямі арганізацыі «Гартоп». Цяпер жа ён пераехаў у вёску і мусіць зьвяртацца ў мясцовыя лясьніцтвы.

«Бывае, што вязуць адразу, а бывае, што трэба чакаць месяцамі. Ці то трактар у іх зламаецца, ці то дзялянкі няма. У нас ужо такая лёгіка, што на гэтую зіму дровы трэба рыхтаваць на год наперад. Бо могуць проста не прывезьці, або прывезьці толькі вясной. І ня будзе ўсю зіму чым паліць».

Суразмоўца Свабоды кажа, што раней сытуацыю ратавалі прыватнікі, якія працавалі зь лесам. Але цяпер іх ужо не засталося.

«Усе недзяржаўныя піларамы ў ваколіцах закрытыя. Некалькі гадоў ужо нічога няма. Іх прымушалі рабіць шчапу і прадаваць заводам па вырабе палетаў, а прыватнікам гэта вельмі нявыгадна», — кажа Максім.

Ён дадае, што заўсёды любіў пахадзіць па лесе, робіць гэта і сёньня, але такой сытуацыі ня бачыў ніколі.

«Лес — гэта мая стыхія. Калі параўнаць, як лес выглядаў некалькі дзясяткаў гадоў таму і цяпер, то неба і зямля. Высякаюць і нічога на яго месца ня садзяць, зарастае нейкім кустоўем. Зьдзек сапраўдны, такога барбарскага стаўленьня да лесу не было ніколі».

Паводле яго, пакідае пытаньне і якасьць драўніны, якую прывозяць лясгасы.

«Часта прывозяць трухлявыя дровы. Людзі пачынаюць іх рэзаць, тады ўжо бачаць, што гэта такое. Але самае крыўднае, што нават паскардзіцца няма каму. Адказваюць: радуйся таму, што ёсьць», — падсумоўвае Максім.

«Людзі незадаволеныя»

Сьцяпан — вясковец зь іншага канца краіны, з Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Ён таксама скардзіцца, што няма прыватнікаў, у якіх можна было замовіць дровы.

«Прывязуць і парэзанымі, і не гнілыя, і па цане не даражэй за дзяржаўныя. У нас у ваколіцы было некалькі такіх прыватнікаў, цяпер усе пазакрываліся, прадалі тэхніку», — кажа суразмоўца.

Сьцяпан кажа, што ягоны сусед чакае дроваў зь лясгасу ўжо чатыры месяцы. Кажуць, што ня могуць выканаць замову, бо ў лясгасе няма саляркі для трактароў.

«У іх так пастаянна: то трактароў саміх няма, то рабочых, то саляркі. Людзі замаўлялі ў „Гартопе“, але там прывозілі адно ламачча, то ўжо болей ніхто не рызыкуе. Але і лясьніцтва вязе такое карчэўе, што вам не перадаць. Маёй знаёмай прывезьлі настолькі гнілыя сасновыя дровы, уражаньне, што яны гадоў дваццаць у лесе праляжалі, і толькі цяпер іх паднялі».

Важнае для яго і пытаньне цаны. За сем кубамэтраў дроваў просяць больш як 200 рублёў. Дровы нярэзаныя, таму даводзіцца рэзаць іх ці самому, ці шукаць адмысловага чалавека.

«Людзі бяруць па 60–80 рублёў, каб парэзаць дровы. І яшчэ 100, каб потым пакалоць. А прывозяць, бывае, такія кручаныя, вялізныя камлі, што іх няма як пакалоць, адно мучэньне. Людзі незадаволеныя вельмі», — кажа Сьцяпан.

«Чарга на некалькі месяцаў»

У Лоеўскім раёне Гомельскай вобласьці ў людзей такія ж самыя праблемы.

«Чарга на дровы ў „Гартопе“ — некалькі месяцаў. Але гэта на сечаныя дровы. На „мэтроўкі“, якія ня толькі ня сечаныя, але не разрэзаныя, чарга ідзе хутчэй. Але яны зусім абы-якія», — кажа мясцовы жыхар Арцём (імя таксама зьмененае).

Суразмоўца гаворыць пра такія самыя праблемы — няма прыватнікаў, якія забясьпечвалі патрэбы жыхароў раёну.

«Цяпер за прычэп „мэтровак“ бяруць 150 рублёў. Часта дровы абы-якія», — кажа Арцём.

Колькі каштуюць дровы?

Адзінай цаны на дровы па краіне няма, у кожным лясгасе свая. Цана на кубамэтар драўніны залежыць ад даўжыні лесу, ад пароды дрэва.

Напрыклад, кубамэтар сасны даўжынёй да трох мэтраў у Віцебскім лясгасе будзе каштаваць 30,26 рубля. Гэта ўжо з давозам да двара пакупніка. Калі гатовы сам вывозіць зь лесу, то абыдзецца ў 11,30 рубля за кубамэтар.

Бяроза будзе каштаваць крыху болей (31,08 і 11,66 рубля адпаведна), елка — крыху меней (28,05 і 11,03 рубля адпаведна).

На зіму для невялікай вясковай хаты трэба 6–7 кубамэтраў дроваў. Выходзіць каля 200 рублёў. Калі іх парэзаць і пакалоць, то сума ўзрасьце рублёў на 150.

Колатыя дровы даражэйшыя. Той жа Ганцавіцкі лясгас прапануе кубамэтар гатовых сасновых дроваў за 47 рублёў, а бярозавых — за 50.

Паводле дадзеных Інстытуту жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Акадэміі навук Беларусі, па стане на 2020 год каля 9,5% жыльлёвага сэктару ў Беларусі ацяпляецца менавіта дровамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG