Гэты экспэрымэнт таксама дазваляе турэмнаму пэрсаналу зарыентавацца ў новай турме, адкрыцьцё якой заплянаванае на 30 верасьня. «З аднаго боку, турэмны пэрсанал можа падрыхтавацца да эфэктыўнага адкрыцьця турмы, а зь іншага боку, судзьдзі будуць мець уяўленьне аб паўсядзённым жыцьці зьняволеных і функцыянаваньні турмы, – падкрэсьлівае міністар юстыцыі Вінцэнт Ван Квікэнборн. – Гэта, несумненна, дапаможа ім ацаніць, ці зьяўляецца пазбаўленьне волі найлепшым рашэньнем для чалавека, які зрабіў памылку».
Судзьдзі крымінальных судоў, сьледчыя, пракуроры і судовыя стажоры засталіся ў турме да поўдня нядзелі. Умовы іх утрыманьня такія ж, як і звычайных арыштантаў, запэўніваюць у Мінюсьце. У гэты пэрыяд яны ня могуць карыстацца мабільным тэлефонам, але маюць магчымасьць спатканьня з роднымі, як сапраўдныя зьняволеныя.
Судзьдзі прытрымліваюцца звычайнага распарадку дня зьняволеных, аднолькава харчуюцца і маюць аднолькавыя абавязковыя заняткі. Яны ў тым ліку будуць занятыя на кухні і ў пральні. А 22.00 ім выключаюць сьвятло.
Калі для кагосьці з удзельнікаў стане невыносным такое пагружэньне ў турэмны сьвет, ён можа скончыць гэта словам «тэрмінус».