«Да гэтага ён абвяшчаў, што ня будзе ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, але сам стаў саўдзельнікам Пуціна. Пасьля ён казаў, што расейскае войска ня будзе адступаць — і гэта таксама аказалася няпраўдай. Ён таксама прыдумаў „сьвята“ 17 верасьня — але і гэта хлусьня: гэтая дата ніколі ў гісторыі не была для народа Беларусі днём адзінства» , — нагадала Ціханоўская.
Пакуль рэжым штодня затрымлівае нязгодных, упэўненая Ціханоўская, «любыя абяцаньні і „амністыі“ — толькі вызваленьне турмаў для новых зьняволеных».
«Цывілізаваны сьвет ужо ведае, што бывае, калі пагаджаесься на гандаль з дыктатурай, таму старыя прыёмы больш непрымальныя, — мяркуе Ціханоўская. — Мы ўсе хочам, каб людзі выходзілі з турмаў, каб сем’і ўзьядноўваліся, каб дзеці зноў маглі абдымаць бацькоў — бяз гандлю, без умоваў, без новых затрыманьняў. Тады гэта будзе сьведчаньнем вырашэньня крызісу і зьмены палітыкі на карысьць народу».
«На свабоду павінны выйсьці ўсе. Мы не павінны забываць, што краіна без палітзьняволеных — гэта і ёсьць нармальная краіна», — гаворыцца ў заяве Ціханоўскай.
- Магчымая амністыя ў дачыненьні да 8 тыс. чалавек, у тым ліку ўдзельнікаў масавых пратэстаў, абмяркоўвалася 6 верасьня на нарадзе ў Лукашэнкі. Яе анансавалі напярэдадні абвешчанага ўладамі летась Дня народнага адзінства 17 верасьня (прымеркаваны да гадавіны паходу чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, які завяршыўся яе далучэньнем да БССР і СССР), аднак амністыя на гэты момант не праведзеная.
- Камэнтатары, тым ня менш, адзначаюць, што і ў папярэднія гады законы аб амністыі прымаліся пазьней за памятныя даты, да якіх яны былі прымеркаваныя.