Яны прадугледжваюць вяртаньне сталіцы Казахстану Нур-Султан ранейшай назвы, Астана, а таксама падаўжэньне тэрміна прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў зь пяці да сямі гадоў, але бяз права перавыбраньня.
У пачатку верасьня Такаеў прапанаваў правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары восеньню 2022 году. Чарговыя выбары прэзыдэнта мусілі адбыцца ў 2024 годзе. Такаеў тады заявіў, што гатовы скараціць тэрмін сваіх паўнамоцтваў і пайсьці на пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары.
Сталіцу Казахстану перайменавалі з Астаны ў Нур-Султан у сакавіку 2019 году, пасьля таго як адпаведную прапанову Такаеў зрабіў у сваёй інаўгурацыйнай прамове.
Улетку 2022 году ў Казахстане прайшоў рэфэрэндум аб папраўках да Канстытуцыі. Зьмены ў Асноўным законе падтрымалі больш за 77% грамадзян. У выніку, сярод іншага, з тэксту Канстытуцыі прыбралі ўсе згадкі пра Назарбаева як лідэра нацыі, ці «елбасы». Акрамя пераходу ад супэрпрэзыдэнцкай формы кіраваньня да прэзыдэнцкай з моцным парлямэнтам, у Канстытуцыю ўнесьлі новую норму — сваякам прэзыдэнта з гэтага часу забаронена займаць высокія дзяржаўныя пасады.
Палажэньне пра асаблівую ролю першага прэзыдэнта выключылі з Канстытуцыі. Апроч гэтага, зьявіўся пункт, паводле якога зямля і яе нетры перайшлі ва ўласнасьць народу. Заснавалі Канстытуцыйны суд. Папраўкі ўступілі ў сілу з моманту абвяшчэньня вынікаў.