Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Казахстану прапанавалі вярнуць сталіцы назву Астана


Горад Нур-Султан, раней — Астана
Горад Нур-Султан, раней — Астана

Дэпутаты Мажылісу (ніжняй палаты парлямэнту) Казахстана прапанавалі вярнуць сталіцы назву Астана. Цяпер горад называецца Нур-Султан у гонар першага прэзыдэнта Казахстану.

Пра гэта паведамляе казахская служба Радыё Свабода.

З такой ініцыятывай выступілі дэпутаты са сфармаванай у пачатку году групы «Жана Казахстан», якая аб’яднала ляяльных прэзыдэнту Касым-Жамарту Такаеву парлямэнтараў.

«Лічым няправільным, калі пры жыцьці чалавека яго імем называецца горад, да таго ж народ таксама не прыняў новую назву сталіцы. Таму будзе гістарычна справядлівым вярнуць ранейшую назву сталіцы — Астана, якая ў свой час была прапанавана першым прэзыдэнтам. Гэтае рашэньне будзе ўлічваць унёсак першага прэзыдэнта ў станаўленьне і разьвіцьцё галоўнага гораду краіны, а таксама будзе адпавядаць запытам і чаканьням грамадзянаў», — гаворыцца ў заяве дэпутатаў.

Перайменаваць Астану ў Нур-Султан 20 сакавіка 2019 года прапанаваў сам Такаеў — у дзень уступленьня на пасаду прэзыдэнта пасьля таго, як Нурсултан Назарбаеў склаў свае паўнамоцтвы і перадаў іх Такаеву. Датэрміновыя выбары прэзыдэнта ў Казахстане прайшлі 9 чэрвеня 2019 году.

«Лічу неабходным увекавечыць імя нашага вялікага сучасьніка — першага прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Абішэвіча Назарбаева. Наша сталіца павінная насіць імя нашага прэзыдэнта і называцца Нур-Султан», — сказаў тады Касым-Жомарт Такаеў.

Парлямэнт Казахстану ў той жа дзень адразу ў двух чытаньнях прагаласаваў за перайменаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG