Адна з катавальняў, паводле слоў Кліменкі, была абсталявана ў Балаклеі, у аддзяленьні паліцыі. Там у камэрах утрымлівалі каля 40 людзей, арыенціровачна яны прабылі там да 48 дзён. Другую катавальню, як удакладніў кіраўнік НПУ, расейскія вайскоўцы зрабілі ў памяшканьні гарадзкой друкарні.
«Былі катаваньні — мы бачылі на руках у людзей сьляды ад электрычных аголеных правадоў, па якіх пускалі ток, калі дапытвалі. Былі знойдзены малаткі і петлі. Цяпер мы праводзім сьледчыя дзеяньні па ўстанаўленьні ступені пашкоджаньняў, якія атрымалі людзі», — заявіў ён.
Кліменка расказаў яшчэ пра шэсьць катавальняў, якія паліцэйскія выявілі ў Ізюме. Паводле яго слоў, ужо ўстаноўленыя падразьдзяленьні арміі РФ, якія займаліся катаваньнямі: гэта АМАП з Тальяці, падразьдзяленьні Расгвардыі, ФСБ і вайскоўцы так званай «ЛНР».
Кіраўнік НПУ паведаміў, што сярод тых, каго катавалі, выявілі замежных грамадзян. Імі аказаліся сямёра студэнтаў са Шры-Лянкі, якія вучыліся ў мэдычным каледжы.
Кліменка ўдакладніў, што за апошні тыдзень адкрыта 204 крымінальныя вядзеньні, якія зьвязаныя з ваеннымі злачынствамі РФ.
Кіраўнік Нацпаліцыі таксама пракамэнтаваў сытуацыю са знойдзенымі 15 верасьня ў лясах пад Ізюмам масавымі пахаваньнямі.
«На сёньняшні дзень там налічваецца каля 445 пахаваньняў. Характар цялесных пашкоджаньняў, абставіны і прычыны сьмерці людзей устанаўліваем. Целы забітых людзей, пахаваных там з сакавіка, трэба будзе эксгумаваць і ідэнтыфікаваць. Гэта праца на шмат тыдняў, але мы давядзем яе да канца і вызначым, хто гэтым займаўся», — паабяцаў Кліменка.
Раней пра гібель у Ізюме ня менш як тысячы цывільных асоб паведамляў дэпутат Ізюмскага гарсавету Максім Стрэльнікаў. «Згодна з той інфармацыяй, якой мы валодаем, мінімум тысяча мясцовых грамадзян загінулі з прычыны ваенных дзеяньняў. Але, на жаль, яшчэ больш людзей пацярпелі, таму што ім не змаглі своечасова аказаць мэддапамогу. Расейскія акупанты яшчэ ў сакавіку зьнішчылі ўсе мэдустановы ў Ізюме», — заявіў дэпутат.
Расейскія войскі адступілі з Ізюму 10 верасьня, што пацьвердзілі міністэрствы абароны Расеі і Ўкраіны. Таксама ЗСУ за апошнія некалькі дзён вызвалілі больш за два дзясяткі населеных пунктаў Харкаўскай вобласьці, у тым ліку Балаклею і Купянск.