Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Крэмль выдаткаваў звыш 300 мільёнаў даляраў з мэтай паўплываць на выбары ў двух дзясятках краін


Маскоўскі Крэмль
Маскоўскі Крэмль

Грошы выдаткоўваліся на аналітычныя цэнтры, якія падтрымліваюцца ўльтраправымі нацыяналістычнымі партыямі, і на такія рэчы, як падстаўныя арганізацыі, якія накіроўвалі грошы на патрэбныя Крамлю справы або на палітыкаў.

13 верасьня Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што Расея таемна выдаткавала больш за $300 мільёнаў з 2014 году на намаганьні паўплываць на чыноўнікаў у больш чым двух дзясятках краінаў.

Амэрыканская выведка лічыць, што 300 мільёнаў даляраў зьяўляюцца «мінімальнай» ацэнкай, і што Расея, імаверна, непрыкметна пераводзіла дадатковыя сродкі. Пра гэта сказаў чыноўнік, які праінфармаваў журналістаў.

«Мы лічым, што гэта толькі вяршыня айсбэрга, і ўзаемадзейнічаем з хаўрусьнікамі і партнэрамі, каб сабраць больш інфармацыі аб гэтай пагрозе», — сказаў чыноўнік.

Амэрыканскія дыпляматы дзяліліся сваімі высновамі з урадамі больш як 100 краін.

Інфармацыя зьявілася пасьля таго, як выведніцкая супольнасьць ЗША прааналізавала спробы Расеі паўплываць на палітыку іншых краін.

Дзяржаўны дэпартамэнт чакае, што ў наступныя месяцы Расея будзе «ўсё больш разьлічваць на свой інструмэнтарый тайнага ўплыву». У дакладзе не называюцца канкрэтныя расейскія мэты, але гаворыцца, што Масква, пэўна, будзе ўсё часьцей зьвяртацца да схаванага палітычнага фінансаваньня, каб падарваць міжнародныя санкцыі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.

Чыноўнік адзначыў, што прэзыдэнт Джо Байдэн нядаўна падоўжыў нацыянальную дэклярацыю аб надзвычайным становішчы ў сувязі з захаваньнем пагрозы замежнага ўмяшаньня ў выбары.

Амбасада Расеі ў Вашынгтоне не адразу адказала на запыт Радыё Свабода аб камэнтары.

Чыноўнік, які праінфармаваў журналістаў на ўмовах ананімнасьці, не прывёў канкрэтных доказаў аб нібыта сакрэтным фінансаваньні. Афіцыйныя асобы ЗША раней паказвалі на Босьнію і Герцагавіну і Эквадор як на краіны, куды Расея ўмяшалася непасрэдна праз сваю фінансавую моц.

Дзяржаўныя расейскія кампаніі наўпрост накіроўваюць таемнае фінансаваньне ў Цэнтральную Амэрыку, Азію, Блізкі Ўсход і Паўночную Афрыку, гаворыцца ў ацэнцы. Масква выкарыстоўвала наяўныя грошы, рабіла плацяжы ў крыптавалютах і слала «шчырыя» падарункі, гаворыцца ў ацэнцы.

Чыноўнік адмовіўся паведаміць, колькі грошай Расея, як мяркуецца, выдаткавала ва Ўкраіне, дзе прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і яго намесьнікі даўно абвінавачваюць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ва ўмяшаньні ва ўнутраную палітыку.

Чыноўнік адхіліў параўнаньне дзейнасьці Расеі зь фінансаваньнем СМІ і палітычных ініцыятыў з боку ЗША. Чыноўнік сказаў, што розьніца палягае ў тым, што Пуцін выдаткаваў велізарныя сумы «на спробу маніпуляваць дэмакратыяй знутры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG