Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падтрымаў ініцыятыву дэпутатаў парлямэнту перайменаваць сталіцу краіны назад у Астану. Пра гэта напісаў у фэйсбуку прэс-сакратар Такаева Руслан Жэлдзібай.
«Прапанова парлямэнтарыяў уключаная ў праект Канстытуцыйнага закону са згоды кіраўніка дзяржавы», — паведаміў Руслан Жэлдзібай.
Ён зазначыў, што Такаеў «лічыць гістарычным фактам вырашальную ролю Нурсултана Назарбаева ва ўмацаваньні сучаснай дзяржаўнасьці Казахстану і станаўленьні сталіцы». Таму іншыя аб’екты, названыя ў гонар Назарбаева, павінны захаваць свае назвы.
Аб прапанове групы дэпутатаў ніжняй палаты парлямэнту Казахстану вярнуць сталіцы назву Астана стала вядома на пачатку верасьня.
«Лічым няправільным, калі пры жыцьці чалавека яго імем называецца горад. Да таго ж народ не прыняў новую назву сталіцы», — заявілі дэпутаты.
На іх думку, вярнуць ранейшую назву будзе «гістарычна справядлівым» рашэньнем. У 1998 годзе назву «Астана» прапанаваў сам Нурсултан Назарбаеў — такім чынам яго ўнёсак «у станаўленьне і разьвіцьцё галоўнага гораду краіны» будзе ўлічаны, мяркуюць дэпутаты.
Сталіцу Казахстану перайменавалі з Астаны ў Нур-Султан у сакавіку 2019 году, пасьля таго як адпаведную прапанову Такаеў высунуў у сваёй інаўгурацыйнай прамове.
У студзені 2022 году ў Казахстане прайшлі масавыя пратэсты, першапачаткова з патрабаваньнем зьніжэньня цэнаў на паліва. Пасьля да іх дадаліся і палітычныя лёзунгі. Адным з папулярных стаў «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!») — патрабаваньне сыходу Назарбаева з улады.
Улетку 2022 году ў Казахстане прайшоў рэфэрэндум аб папраўках да Канстытуцыі. Зьмяненьні ў Асноўным Законе падтрымалі больш за 77% грамадзян. У выніку, сярод іншага, з тэксту Канстытуцыі прыбралі ўсе згадкі пра Назарбаева як лідэра нацыі, ці «елбасы».