Жан-Люк Гадар нарадзіўся 3 сьнежня 1930 году ў Парыжы, у сям'і французаў швайцарскага паходжаньня. Ён любіў цыгары, быў гарачым прыхільнікам тэнісу і схільным да правакацый творцам.
Пік яго творчасьці прыпаў на 1960-я, калі ён удзельнічаў у студэнцкіх пратэстах, захапляўся мааізмам і стварыў радыкальную кінагрупу, названую ў гонар піянэра савецкага кіно Дзігі Вертава.
У канцы 1950-х група маладых францускіх творцаў вырашылі кінуць выклік старому, патрыярхальнаму ўяўленьню аб кінэматографе. Замест традыцыйных карцін з прадказальным сцэнарам і стандартным наборам апэратарскіх прыёмаў яны пачалі здымаць недарагія, свабодныя ад усякіх умоўнасьцяў і правілаў фільмы, адважна экспэрымэнтаваць з гукам і мантажом.
Заснавальнікамі новага стылю сталі Клод Шаброль, Жак Рывэт, Эрык Ромер, Франсуа Труфо і Жан-Люк Гадар. Усе яны працавалі ў знакамітым францускім часопісе Cahiers du Cinéma. Узамен традыцыйнай, «канвэернай» сыстэмы кінавытворчасьці яны прапанавалі Тэорыю аўтарскага кіно, паводле якой у цэнтры любога кінапраекту стаіць постаць рэжысэра: ён актыўна ўдзельнічае ва ўсіх этапах стварэньня фільма і фармуе сваю ўласную ўнікальную кінамову.
Першы поўнамэтражны фільм Гадара «На апошнім дыханьні» (1960) стаў адным з галоўных сымбаляў новай хвалі і праславіў маладога актора Жана-Поля Бэльмандо (яму было тады 26 гадоў). Здымка ручной камэрай з інваліднага вазка, рэзкі мантаж, імправізаваныя размовы пра сэкс і палітыку і пастаянныя цытаты з кінаклясыкі — усё гэта прыцягнула ўвагу гледачоў і крытыкаў.
Да рэжысэра прыйшла слава, а пасьля знакаміты кінакрытык і ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі Роджэр Эбэрт нават назваў «На апошнім дыханьні» найлепшым дэбютам у гісторыі кіно з часоў «Грамадзяніна Кэйна» Орсана Уэлса.
Гадар стварыў вялізную колькасьць работ. Ён быў рэжысэрам ці ўдзельнічаў амаль у 150 фільмах і відэа. За першым фільмам выйшлі «Пагарда» (1963), «Варʼяцкі Пʼеро» (1965), «Кітаянка» (1967), «Ратуй, хто можа (сваё жыцьцё)» (1980), «Імя: Кармэн» (1983) і восем сэрый «Гісторыі кіно» (1988–1998).
- У апошнія гады яго фільмы ўсё часьцей дасьледавалі мінуўшчыну і сучаснасьць. Рэжысэр спалучаў кінадакумэнталістыку, мастацкае кіно і дасьледаваньні зь філязофскімі і мастацкімі разважаньнямі аб сьвеце. Яго апошні фільм, «Вобраз і мова»г, быў зняты ў 2018 годзе. У 2019-м Жан-Люк Гадар абвясьціў пра здымкі фільма пра рух «жоўтых камізэлек». Кіно павінна было спалучаць як элемэнты мастацкіх здымак, так і дакумэнталістыку. «Тры чвэрці прац Гадара былі праваламі з камэрцыйнага пункту гледжаньня», — пісалі пра яго крытыкі, але гэта не перашкаджала яму працягваць працаваць да апошняга.