«Вельмі сымбалічна, што 8 верасьня, у дзень, калі адзначаецца адна з найбуйнейшых перамог над Маскоўскай дзяржавай, адбылася рэгістрацыя дабрачыннай арганізацыі «Дабрачынны фонд „Свабодная Беларусь“» (БО «БФ „ВІЛЬНА БІЛОРУСЬ“»).
508 гадоў таму аб’яднанае войска літоўцаў, украінцаў і беларусаў пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага перамагло рускае войска. Час абʼяднацца і паўтарыць слаўныя старонкі нашай агульнай гісторыі», — напісаў кіраўнік фонду Аляксей Францкевіч.
Паводле ягоных слоў, мэтамі дабрачыннага фонду зьяўляюцца:
- дапамога беларусаў Украіне ў дасягненьні перамогі над Расеяй;
- стварэньне ўмоў для дэакупацыі Беларусі і аднаўленьне сувэрэнітэту народу Беларусі;
- абарона правоў беларусаў ва Ўкраіне.
Сярод задач арганізацыі таксама названыя:
- аказаньне дапамогі ўзброеным сілам Украіны (пастаўкі абмундзіраваньня, прыбораў начнога бачаньня, мэдычнага абсталяваньня, лекавых прэпаратаў і інш.);
- дапамога ўцекачам (эвакуацыя, прадастаўленьне жыльля, адзеньня, прадуктаў харчаваньня і інш.);
- правядзеньне інфармацыйнай кампаніі, накіраванай на фармаваньне антываеннай грамадзкай думкі ў Беларусі;
- інфармаваньне насельніцтва аб ваенных злачынствах, якія ўчыняюцца расейскімі акупантамі і іх беларускімі саўдзельнікамі супраць украінскага народу;
- разьвіцьцё валянтэрскага руху беларусаў ва Ўкраіне;
- садзейнічаньне дэмакратычным сілам Беларусі ў супрацьдзеяньні дэспатызму і аўтарытарызму;
- аказаньне юрыдычнай, псыхалягічнай і іншай дапамогі беларусам, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, у вырашэньні міграцыйных, сацыяльных, эканамічных і іншых пытаньняў.