У 10:00 у Магілёўскім абласным судзе пачаўся працэс над палітзьняволенай актывісткай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аленай Лазарчык. Судзьдзя — П.Клімаў.
Суд зрабілі закрытым, паведаміла «Вясна».
Лазарчык абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Aб 11-й пачаўся судовы працэс над палітвязьнямі Анатолем Латушкам (стрыечным братам Паўла Латушкі), Аленай Маліноўскай і Ліліяй Ананьян. Судзьдзя — Дзьмітры Карсюк.
Працэс праходзіць у судзе Цэнтральнага раёну Менску.
Палітвязьняў затрымалі ноччу 31 студзеня за тое, што нібыта яны малявалі па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дому герб «Пагоня». Вядома, што пасьля затрыманьня Анатоля моцна пабілі.
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, яны неаднаразова на працягу 2021 году «пашкодзілі з хуліганскіх памкненьняў маёмасьць некалькіх унітарных прадпрыемстваў на суму больш як 3000 рублёў, у тым ліку шляхам нанясеньня фарбавальнымі рэчывамі рознага роду надпісаў і малюнкаў».
У суме падсудных вінавацяць па:
- ч. 2 арт. 339 (хуліганства), арт. 370 (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме, або рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, або рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэфэрэндуме, камісій па правядзеньні галасаваньня аб адкліканьні дэпутата);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх);
- ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных).