Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Латушка заклікаў беларусаў дапамагчы ў выкрыцьці сілавікоў, якія катавалі людзей


Павал Латушка
Павал Латушка

Пра гэта кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва заявіў у відэазвароце. Ён мяркуе, што трэба задзейнічаць усе даступныя рычагі.

З 2020 году праваабаронцы зафіксавалі ў Беларусі максымум катаваньняў у Эўропе за ўсё ХХІ стагодзьдзе — больш за тысячу выпадкаў. Адным з прыярытэтаў дзейнасьці прадстаўніка пераходнага Кабінэту Беларусі зьяўляецца крымінальны перасьлед падазраваных у катаваньнях беларусаў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Кабінэту Павал Латушка.

Ён зьвярнуўся да беларусаў, якія зазналі катаваньні, дапамагчы ў прыцягненьні сілавікоў да адказнасьці.

«Спосабаў тры: міжнародныя трыбуналы, нацыянальная і ўнівэрсальная юрысдыкцыі. Найбольш пэрспэктыўнай зьяўляецца ўнівэрсальная юрысдыкцыя — праца ў яе рамках магчымая як на міжнародным, так і нацыянальным узроўнях», — расказвае Латушка.

Галоўнае юрыдычнае абгрунтаваньне перасьледу — артыкул 5 Канвэнцыі супраць катаваньняў. Выкарыстоўваць яго складана: рэжым не выдае вінаватых краінам, якія гатовыя ўжыць дакумэнт.

Нават калі злачынец апынецца ў такой краіне, павінна супасьці шмат фактараў:

  • пацярпелы апазнаў падазраванага;
  • знаходзіцца ў той жа краіне, што і падазраваны;
  • не баіцца заявіць пра злачынства;
  • знаходзіць гатовага ўзяцца за справу адваката, складае заяву аб завядзеньні справы і перадае праваахоўнікам;
  • у паліцыі і пракуратуры справе даюць ход у той тэрмін, калі падазраваны яшчэ ў краіне.

«Але можна паставіць больш рэальную мэту: дамагчыся міжнароднага вышуку падазраванага», — кажа Латушка.

Плюсы такога варыянту:

  • прысутнасьць падазраванага ў краіне, дзе заведзена справа, не зьяўляецца неабходнай;
  • задакумэнтаваных дадзеных пра катаваньні дастаткова;
  • у злачынстваў супраць чалавечнасьці няма тэрміну даўнасьці;
  • падазраваны ня зможа выехаць зь Беларусі ў іншую краіну сьвету, апроч Расеі, пад пагрозай быць затрыманым на падставе зьвестак Інтэрполу;
  • бестэрміновасьць абвінавачваньняў будзе стымуляваць выдаць вінаватых для зьняцьця санкцый зь Беларусі.

«Калі хаця б некалькіх датычных да катаваньняў атрымаецца абвясьціць у вышук, гэта стане важным сусьветным прэцэдэнтам, які дазволіць у будучыні лягчэй адкрываць падобныя справы і дамагацца пакараньня», — кажа Латушка.

Паводле яго, Нямеччына і Гішпанія ўжо маюць свае практыкі, удалыя прыклады правасудзьдзя па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, у рамках якой разглядаюць справы пра катаваньні. Вялікая Брытанія — таксама пэрспэктыўная, бо яе сыстэма дазваляе падаваць заявы па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі без наяўнасьці ў пацярпелага ці падазраванага цеснай сувязі з каралеўствам. Аднак на іх тэрыторыі пакуль няма адкрытых спраў пра катаваньні ў Беларусі. Каманда НАК і створаны Кабінэт праводзяць актыўныя кансультацыі са спэцыялістамі з гэтых краін.

Пакуль найбольш рэалістычным, паводле Латушкі, выглядае супрацоўніцтва з Польшчай і Літвой. Гэтыя дзьве краіны найбольш актыўна падтрымліваюць ідэю пакараць вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі. У Літве ўжо ёсьць адна адкрытая справа ў сувязі з катаваньнямі ў Беларусі.

Латушка таксама зьвярнуўся да беларусаў, якія могуць апазнаць кагосьці са злачынцаў, маюць якія-небудзь доказы іх датычнасьці да злачынстваў, гатовыя супрацоўнічаць са сьледзтвам і даць паказаньні ў літоўскай паліцыі, і папрасіў зьвязацца зь юрыстамі праз чат-бот НАК: @nau_by_bot.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG