Сацыяльныя сеткі часта крытыкуюць за тое, што зь іх дапамогай людзі ствараюць нерэалістычныя ўяўленьні пра ўласнае жыцьцё і ўласную ж зьнешнасьць. Шэраг дасьледаваньняў нават гаворыць пра сувязь паміж баўленьнем часу ў сацыяльных сетках і дэпрэсіяй (не чытайце фэйсбук перад сном!). Але пасьля 24 лютага я заўважыла, як моцна зьмяніўся візуальны кантэнт у тым жа тыктоку. І гэта добры знак.
Я не хачу ні ідэалізаваць, ні дэманізаваць сацсеткі. Як у любога інфармацыйнага рэсурсу, у кожнай зь іх ёсьць свае плюсы і мінусы. І ўвогуле сучасныя альгарытмы падстройваюцца пад нашыя прэфэрэнцыі, так што, калі стужка прыносіць вам толькі дурнаватыя відэа з розыгрышамі ці аднатыпнымі танцамі, ня трэба вінаваціць у гэтым Facebook ці TikTok. Але ёсьць, вядома ж, і агульныя трэнды, якія мала залежаць ад таго, што падабаецца асабіста вам.
Напрыклад, у тыктоку зьяўляюцца ўсё новыя і новыя фільтры, з дапамогай якіх людзі «ўпрыгожваюць сябе» — пазбаўляюцца на відэа радзімак, пігмэнтных плямаў, зморшчынак і іншых індывідуальных асаблівасьцяў. Такі трэнд, безумоўна, не спрыяе здароваму стаўленьню да ўласнага цела. Але паралельна разьвіваецца і іншая тэндэнцыя — людзі зь фізычнымі пашкоджаньнямі паказваюць сябе і альбо ствараюць такі тэматычны кантэнт, альбо проста не хаваюць свайго цела.
Я памятаю расповеды пра тое, як пасьля Другой сусьветнай вайны людзі, што засталіся без рукі ці бяз ног, станавіліся нябачнымі. Па-першае, не было такіх прасунутых тэхнічных прыладаў, як сёньня, якія дазвалялі б ім перасоўвацца па вуліцах; па-другое, не было інтэрнэту і сацыяльных сетак, дзе яны маглі б расказваць пра сябе, а па-трэцяе, скалечанага чалавека часта лічылі непаўнавартасным, непрыгожым і вартым хіба толькі жалю і спачуваньня.
А цяпер ёсьць і вельмі прасунутая хірургія, і пратэзы, і сацсеткі, дзе людзі маюць маюць магчымасьць паказваць і расказваць пра сябе. У тыктоку за апошнія месяцы зьявілася безьліч відэа параненых украінскіх вайскоўцаў і цывільных людзей — як яны лечацца, праходзяць рэабілітацыю, вучацца нанова хадзіць.
Усе гэтыя відэа – вельмі важны антываенны матэрыял, які паказвае рэальныя наступствы расейскай агрэсіі. Але таксама гэта сацыяльная зьява, якая, я спадзяюся, зь цягам часу калі не адменіць стандартаў прыгажосьці, дык хоць бы зьменшыць іх значнасьць.
Наступствы вайны — гэта ня толькі бязьвінна забітыя людзі і зьнішчаныя будынкі. Гэта таксама фізычны і эмацыйны боль тых, хто выжыў. І калі ва ўсім гэтым шматгалосьсі болю, які перасьледуе параненых, зьнікне хаця б голас, які будзе гаварыць, што яны непрыгожыя, нявартыя і ім трэба хаваць сябе ад людзей, гэта будзе вялікая перамога.
І мне хочацца верыць, што гэты трэнд будзе толькі пашырацца і што ўсё больш будзе ў сацсетках і клясычных мэдыялюдзей, якія працягваюць актыўнае жыцьцё пасьля сур’ёзных раненьняў. І што тыя, хто так саромеецца сваёй зьнешнасьці цяпер, зможа прыняць новы вобраз свайго цела. Бо стандарты прыгажосьці ня мусяць на іх дадаткова ціснуць і псаваць ім жыцьцё. Хопіць таго, што нарабілі расейскія войскі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.