Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая сустрэча кааліцыі вайсковай дапамогі Ўкраіне ў фармаце «Рамштайн»: міністар абароны ЗША назваў дэталі новага пакета


Лойд Остын, міністар абароны Злучаных Штатаў Амэрыкі
Лойд Остын, міністар абароны Злучаных Штатаў Амэрыкі

«Украінцы плацяць жыцьцямі за тое, за што мы плацім далярамі і эўра», — заявіў Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Сёньня стала вядома, што Белы дом ухваліў яшчэ адзін пакет ваеннай дапамогі для Ўкраіны на 675 мільёнаў даляраў, паведаміў міністар абароны Злучаных Штатаў Лойд Остын.

Пра гэта ён расказаў на пачатку сустрэчы кааліцыі вайсковай дапамогі Ўкраіне на авіябазе «Рамштайн» у Нямеччыне.

Остын зазначыў, што Вашынгтон бачыць «відавочны посьпех» Украіны на полі бою супраць расейскіх войскаў.

«Гэта дваццатае выдзяленьне ваеннага абсталяваньня адміністрацыяй Байдэна са складаў ЗША для Ўкраіны, пачынаючы зь мінулага жніўня», — сказаў ён.

Па словах міністра абароны ЗША, у пакет увойдуць гаўбіцы калібру 105 мілімэтраў, высокадакладныя ракеты GMLRS і артылерыйскія боепрыпасы.

Кіраўнік Пэнтагону дадаў, што на сустрэчы міністраў абароны ў Рамштайне будзе абмяркоўвацца, у прыватнасьці, каардынацыя падрыхтоўкі ўкраінскіх войскаў.

Раней кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў, што ЗША выдзеляць Украіне новы пакет абароннай падтрымкі на 675 мільёнаў даляраў.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль заклікаюць, «нягледзячы на цяжкую зіму наперадзе», не зьмяншаць падтрымку Ўкраіны. А Белы дом ухваліў яшчэ адзін пакет ваеннай дапамогі для Ўкраіны на 675 мільёнаў даляраў.

Енс Столтэнбэрг, генэральны сакратар NATO
Енс Столтэнбэрг, генэральны сакратар NATO

Енс Столтэнбэрг заявіў, што заходнія саюзьнікі разумеюць цяжкасьці «вырашальных» наступных 6 месяцаў адносна стрымліваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны і ва ўмовах нарастаньня энэргетычнага шантажу Крамля.

Столтэнбэрг заклікаў, «нягледзячы на цяжкую зіму наперадзе», не зьмяншаць падтрымку Ўкраіны. Да гэтага ж заклікае і Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Да пачатку пасяджэньня ўзначаленай ЗША Кантактнай групы абароны Ўкраіны на вайсковай базе Рамштайн у Нямеччыне генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг напісаў у Financial Times (FT) пра «падрыхтоўку больш як дзясятка новых праектаў, каб дапамагчы Ўкраіне выстаяць зіму» і спрыяць пераходу Ўкраіны «з узбраеньняў савецкай эпохі на рэсурсы са стандартамі NATO».

Енс Столтэнбэрг настойвае, што Захад будзе дапамагаць Украіне абараняцца ад расейскай агрэсіі, нягледзячы на намеры Масквы выкарыстоўваць энэргетычныя і іншыя рычагі.

Пасьля спыненьня пастаўкі расейскага газу ў Нямеччыну па трубаправодзе «Паўночны паток» Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея перастане пастаўляць Эўропе ўсе віды энэрганосьбітаў, калі эўрапейцы будуць зьвяртацца да далейшых санкцый.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг перасьцярог, што ў той час, калі «вайна ва Ўкраіне ўваходзіць у вырашальную фазу», гэтая зіма будзе цяжкай як для ўкраінскага народу і Ўзброеных сіл, так і для «тых з нас, хто падтрымлівае іх».

Столтэнбэрг заўважыў, што цана, якую плацяць эўрапейцы, «вымяраецца далярамі, эўра і фунтамі, у той час як украінцы плацяць жыцьцямі».

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль на гэтым тыдні таксама прызнаў, што «сытуацыя застаецца цяжкай для Ўкраіны, але таксама для нас у ЭЗ, улічваючы наступствы высокіх цэнаў на энэргію, інфляцыі і да таго падобнае».

«Мы ведаем, што наперадзе складаная зіма. Але калі мы яе вытрымаем, пераадолеўшы энэргетычны крызіс і захоўваючы згуртаванасьць, і калі ваенны балянс на полі бою будзе далей перамяшчацца, тады да наступнай вясны і Ўкраіна, і ЭЗ будуць у стратэгічна лепшай пазыцыі», — прагназуе Жузэп Бурэль.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG