Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энн Эплбаўм: Пуцін стаў адным з найбольшых ліхадзеяў нашага часу


Плякаты ў Кіеве, 9 жніўня 2022
Плякаты ў Кіеве, 9 жніўня 2022

Ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм, вядомая дасьледчыца ГУЛАГу і Галадамору, выказалася аб прычынах і матывах цяперашняй каляніяльнай вайны Расеі супраць Украіны.

Амэрыканская публіцыстка Энн Эплбаўм, аўтарка кніг «ГУЛАГ», «Чырвоны голад: вайна Сталіна супраць Украіны», у інтэрвію BBC выказала перакананьне, што дапамога Захаду Ўкраіне не аслабне, нягледзячы на падзеньне цікавасьці да яе ў заходніх СМІ.

Яна таксама патлумачыла, што «рашызм» лепш апісвае ідэалёгію і мэтады дзеяньняў пуцінскай Расеі ва Ўкраіне, чым «фашызм».

«Мне не падабаецца тэрмін „фашызм“ у расейскім кантэксьце. Толькі з адной прычыны: таму што гэта нагадвае большасьці людзей у сьвеце пра Галакост і масавае забойства габрэяў. Гэта адцягвае ўвагу.

Тут больш дарэчы слова „рашызм“, бо яно сьведчыць пра тое, што мы маем справу з адмысловым расейскім варыянтам ідэалёгіі вынішчэньня — і таму гэты тэрмін канкрэтнейшы і карысьнейшы. У сапраўднасьці мы маем справу з гіпэрімпэрыялізмам.

А яшчэ лепш — каляніялізмам. Гэта дзяржава, якая лічыць сябе настолькі вышэйшай за сваіх суседзяў, прынамсі калі гаварыць пра яе эліту, што думае, што мае права сьцерці іх з твару зямлі, з мапы сьвету, зьнішчаць на ўласнае жаданьне, забіваць іхных мірных жыхароў, а ня толькі салдатаў.

Ідэалёгія, якая дае ім апраўданьне для такіх дзеяньняў, — гэта свайго роду імпэрыялізм. „Мы дзяржава, якая мае права на існаваньне, а яны дзяржава, якая ня мае права на існаваньне“. Такім чынам, якое б слова мы ні выбралі для апісаньня гэтай ідэалёгіі, мы маем справу з імпэрскай і генацыднай ідэалёгіяй зьнішчэньня».

Эн Эплбаўм
Эн Эплбаўм

«Цяжка параўноўваць Пуціна са Сталіным — бо гаворка не ідзе пра масавага забойцу, адказнага за гібель многіх мільёнаў. Такім чынам, ён ужо ад пачатку належыць да зусім іншай катэгорыі. Акрамя таго, тэхналёгіі і характар пуцінскага рэжыму адрозьніваюцца ад сталінскага.

Вядома, Пуцін цяпер зьяўляецца адным з найбольшых ваенных злачынцаў ХХІ стагодзьдзя. Гаварыць пра яго ў гэтым кантэксьце — патрэбна. Ён разьвязаў неабгрунтаваную вайну супраць суседзяў з генацыднымі намерамі. І гэта адразу выводзіць яго ў новую катэгорыю.

Бо дагэтуль ён лічыўся мякка аўтарытарным палітыкам. Цяпер ён дакладна стаў адным з найбольшых ліхадзеяў нашага часу.

Але Пуціну і не патрэбен быў нейкі філёзаф ці дарадца, каб у яго ўзьнікла ідэя, што Расея асаблівая. І што Расея нібыта мае права панаваць над сваімі суседзямі. Таму што гэта вядучая тэма гісторыі Расеі цягам многіх стагодзьдзяў.

Таму гэтаксама лёгка ён мог знайсьці апраўданьне сваім дзеяньням у Сталіна, у царскі пэрыяд. Бо гісторыя расейскага дамінаваньня над суседзямі — даўняя».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG