Палітвязьня Івана Рагатнёва асудзілі ў «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі чарговы прысуд у «справе Зельцара». 32-гадовага палітзьняволенага Івана Рагатнёва асудзілі на 1 год і 7 месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), паведамляе «Вясна».
Справу ў закрытым рэжыме разглядала судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, падрабязнасьці невядомыя.
Івана затрымалі 30 верасьня 2021 году ў Менску ў крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара. За кратамі палітвязень ужо 11 месяцаў.
Новы прысуд у «справе Зельцара»: два з паловай гады калёніі і вялікі штраф
Менскі гарадзкі суд вынес прысуд Віталю Рогачу. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342), распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».
Першапачаткова 30-гадоваму мужчыну ставілася ў віну тое, што ён пакінуў камэнтар пад пастом пра загінулага супрацоўніка КДБ: «Бандыту зямля будзе бэтонам». Неўзабаве зьявілася «пакаяльнае» відэа, дзе Рогача прымусілі прызнацца ў злачынстве і раскаяцца на камэру. Таксама мужчыну прымусілі сказаць, што ён зьяўляецца прыхільнікам ЛГБТ-супольнасьці і «абяцае выправіцца».
У ходзе сьледзтва, якое доўжылася 11 месяцаў, сьледчыя выставілі Віталю Рогачу дадатковыя абвінавачаньні ў абразе прадстаўніка ўлады і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасьці невядомыя.
У выніку, судзьдзя Валянціна Зянькевіч прызначыла яму пакараньне ў выглядзе 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму а таксама штраф у памеры 200 базавых велічынь (9740 рублёў).
Палітзьняволеную лекарку з 30-гадовым стажам адправілі ў калёнію за камэнтары па «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе 1 верасьня асудзілі па «справе Зельцара» палітзьняволеную Натальлю Нікіціну, якая амаль 30 гадоў адпрацавала лекаркай.
За камэнтары ў сацсетках яе прызналі вінаватай па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). Судзьдзя Валянціна Зенькевіч прызначыла Натальлі адзін год і 10 месяцаў пазбаўленьня волі, а таксама штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў ці амаль 2500 даляраў), паведамляе «Вясна».
Жанчыну затрымалі 29 верасьня 2021 году наўпрост на працы — у Менскім цэнтры дзіцячай псыхіятрыі і псыхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрыманьня ёй паведамілі пра звальненьне.
У Натальлі двое сыноў.
Фігуранта «справы Аўтуховіча» Антона Мельхера перавялі пад хатні арышт
Як паведаміла ў Інстаграме дачка Міколы Аўтуховіча, фігуранта «справы Аўтуховіча» Антона Мельхера перавялі пад хатні арышт, бо скончыўся максымальна магчымы тэрмін яго ўтрыманьня пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва. Паводле дачкі Аўтуховіча, яго «пасялілі ў інтэрнаце безь дзьвярэй, побач жывуць амапаўцы».
Антона і яго маці Ірыну Мельхер затрымалі 8 сьнежня 2020 году па ст. 289 УК (Акт тэрарызму) — іх абвінавацілі ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай групоўцы», якая нібыта была створаная Мікалаем Аўтуховічам і дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці.
Акрамя таго, на Мельхераў завялі крымінальную справу за карагод на скрыжаваньні ў Берасьці 13 верасьня 2020 году і прад'явілі ім абвінавачаньне ў «грубым парушэньні грамадзкага парадку» (ч. 1 арт. 342 КК). Па гэтым артыкуле пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Пасьля з Антона зьнялі абвінавачаньне ў тэрарызьме, але пакінулі фігурантам «карагоднай справы». На судзе па «справе Аўтуховіча» ён цалкам прызнаў віну.
Затрыманага за «за падтрымку Ўкраіны» ў Магілёве прымусілі прызнацца на відэа «ў падтрымцы Расеі»
Стала вядома пра затрыманьне супрацоўнікамі ГУБАЗіК магілёўца Юрыя Пашына. Прычынай гэтага сталі відэа, якія Пашын публікаваў у сваім TikTok-акаўнце. Яны тычыліся ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне, прычым Пашын дастаткова выразна займаў праўкраінскую пазыцыю, паведамляе @MAYDAYMog.
На «пакаяльным» відэа мужчыну вымусілі прызнацца, што ён ня меў рацыі, падтрымліваючы Ўкраіну, а таксама заявіць, што ён падтрымлівае дзеяньні Расеі ў суседняй краіне.
Сілавікі затрымалі менчука за камэнтары ў «экстрэмісцкім» чаце — пры затрыманьні ён адбіваўся сякерай
Як піша МУС, супраць 53-гадовага жыхара Менску завялі крымінальныя справы за распальваньне сацыяльнай варожасьці і за замах на забойства супрацоўніка ўнутраных спраў. З затрыманым запісалі «пакаяльнае відэа», на якім ён кажа, што ў мінулым годзе пакінуў у «экстрэмісцкім» чаце камэнтар, у якім былі заклікі да «зьнішчэньня камандзіраў АМАП, ГУБАЗіК і міліцыянтаў».
Дырэктару архітэктурнага бюро прысудзілі тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту
Праваабаронцы «Вясны» даведаліся пра вынікі судовага разбору ў справе палітвязьня Канстанціна Высочына, якога абвінавачвалі ў злачынстве паводле арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Справу разглядала Вольга Емяльянчанка.
Пра абвінавачанага вядома, што ён крэатыўны дырэктар архітэктурнага бюро. Мужчыну затрымалі 7 красавіка 2022 году з фармулёўкай «вырашыў у сацсетках хайпануць па тэме ўкраінскіх падзей». Пасьля вывучэньня тэлефона Канстанціна сілавікі завялі на яго крымінальную справу — нібыта ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту.
12 жніўня суд Савецкага раёну Менску прысудзіў Канстанціну 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Палітвязьня вызвалілі ў залі суду да накіраваньня ў ПУАТ.
Палітвязьня з пасёлка Ільліч асудзілі да 2,5 гадоў калёніі
Стала вядома, што 41-гадовага палітзьняволенага жыхара пасёлка Ільліч Рагачоўскага раёу Андрэя Сьцепанькова 1 жніўня асудзілі на 2,5 года калёніі. Падрабязнасьці суду невядомыя, паведамляе «Вясна».
Андрэя Сьцепанькова абвінавацілі паводле арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.
Вядома, што яго затрымалі 16 верасьня 2021 году і ўжо амаль год утрымліваюць за кратамі.
Для адміністратара Telegram-каналу Rezystans Мікіты Сьлепянка пракурор запрасіў 3 гады калёніі
У Гомельскім абласным судзе 2 верасьня працягнуўся разгляд крымінальнай справы адміністратара культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans палітзьняволенага Мікіты Сьлепянка. Бок абвінавачаньня запрасіў для Сьлепянка 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе«Вясна».
Яго абвінавачваюць у стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» і кіраваньні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс вядзе судзьдзя Васіль Бягун. У судзе адбыліся спрэчкі бакоў.
Прысуд будзе абвешчаны 6 верасьня.
За жнівень у «пратэставых» крымінальных справах асудзілі ня менш за 98 чалавек
Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», за жнівень 2022 году ў Беларусі:
- у «пратэставых» крымінальных справах асудзілі ня менш за 98 чалавек, зь іх 80,61% мужчын і 19,39% жанчын;
- ім агулам прысудзілі 223 гады і 10 месяцаў зьняволеньня, 29 гадоў «хіміі», 62 гады «хатняй хіміі», 89 600 рублёў штрафу;
- у «пратэставых» крымінальных справах у жніўні суды ўжывалі пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, у 64,28% выпадкаў.