Пра сховішча задумаліся, калі пераехалі ў прыватны дом
Сужэнцам каля 40 гадоў. Яны мэдыкі-псыхіятры паводле адукацыі. Жывуць на поўдні Польшчы, куды пераехалі з Украіны з пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня.
Першыя думкі пра падрыхтоўку да ядзернай вайны ў сям’і зьявіліся сёлета ў сакавіку, калі расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую і Запароскую АЭС. Тады ж сям’я зь сямі чалавек пераехала ў прыватны дом з падвалам.
«Зараз напішаце, як шалёныя мэдыкі рыхтуюцца да ядзернай вайны. Але ж і ў паўнамаштабную вайну ва Ўкраіне таксама ніхто ня верыў», — усьміхаецца ў пачатку гутаркі Ганна і тлумачыць, чаму яны сур’ёзна паставіліся да пагрозы.
На ейную думку, дзеяньні расейскіх уладаў нелягічныя, таму невядома, што ад іх чакаць.
Нарыхтавалі 50 літраў вады і харчоў, якія доўга не псуюцца
«У выпадку ядзернай вайны трэба мець месца, якое не злучаецца з вонкавым сьветам, без расколін, дзе можна перасядзець нейкі час: 10-14 дзён», — расказвае суразмоўца.
У іхным доме такое месца — падвал. Яго і рыхтуюць як сховішча. У яго заносяць ваду, харчы, лекі, адзеньне, ахоўныя сродкі.
Ваду паступова запасаюць з разьлікам 1,5-2 літра на чалавека на дзень. Ужо купілі каля 50 літраў, але гэтага яшчэ мала для ўсёй сям’і.
Ежу бяруць калярыйную, з доўгімі тэрмінамі захоўваньня: тушонку, згушчанку, вяндліну, халву, стэрылізаванае малако ў тэтрапаках.
Лекі для звычайных выпадкаў, для «хронікаў» і ёдыд калію
У падвал заносяць лекі і перавязачныя матэрыялы, патрэбныя ў звычайных выпадках (гарачкапаніжальнае, абязбольвальнае, антысэптыкі, бінт, плястыр, актываваны вугаль, вітаміны), а таксама мэдыкамэнты, патрэбныя пры хранічных захворваньнях.
На выпадак ядзернага выбуху сям’я купіла празь інтэрнэт таблеткі ёдыду калію, даступныя ў Польшчы.
«Даросламу чалавеку трэба прымаць да 125 міліграмаў, да 10 дзён. Калі больш, то адмовіцца працаваць шчытападобная залоза. Дзецям да 12 гадоў — палову ад нормы, дзецям да года на грудным кармленьні зусім ня трэба. У ідэале яго трэба прымаць да выбуху, як зьявіцца папярэджаньне ад грамадзянскай абароны. Калі адзін выбух — дастаткова аднаго прыёму, калі некалькі — то некалькі дзён», — расказвае правілы прыёму таблетак на выпадак ядзернай вайны Ганна.
Іх яна праверыла ў кнігах па ваеннай мэдыцыне.
Дазымэтар купілі яшчэ тры гады таму
На сямейным складзе запасаюць і ахоўныя сродкі для цела.
«Рэсьпіратары, адзеньне, якое не шкада, плашч, які мыецца, плашч-дажджавік, у які можна ахінуцца з галавы да ног, каб выйсьці на вуліцу, ахоўныя акуляры. Чым менш адкрытых частак цела, тым лепш», — камэнтуе Ганна.
Рэсьпіратары ІІ клясы абароны куплялі ў будаўнічай краме.
У сям’і ёсьць нават дазымэтар, які яны набылі ў Менску 3 гады таму, бо хваляваліся за магчымыя праблемы на Астравецкай АЭС.
«Ім можна праверыць, якую дозу выпраменьваньня мы атрымалі, якую ежу можна есьці, якую ваду піць, якое адзеньне дастаткова памыць пасьля апраменьваньня, а якое трэба ўжо выкінуць. Аднак карыстацца дазымэтрам ня кожны здолее, гэтаму трэба вучыцца, бо ёсьць розныя тыпы дазымэтраў, у іх ёсьць розныя рэжымы работы, трэба арыентавацца ў паказчыках і нормах», — расказвае суразмоўца.
Самая дарагая пакупка сям’і для сховішча — ёдыд калію. За дзьве бутэлечкі па 30 таблетак аддалі 90 злотых. На рэсьпіратары пайшло каля 50 злотых. На ўсе нарыхтоўкі — 200-300 злотых. Дазымэтар таксама быў дарагі, але траты на яго ня ўлічваюць, бо ён у сям’і ўжо доўгі час.
Цёплае адзеньне і коўдры плянуюць занесьці ў імправізаванае сховішча ў апошні момант.
«Коўдры можна хутка занесьці ў падвал, а нарыхтаваць 50 літраў пітной вады — не. Мы падрыхтавалі ў Кіеве трывожную валізку загадзя, таму выехалі з гораду цягам дзьвюх гадзін пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны», — успамінае жанчына, як аднойчы іхная прадбачлівасьць ужо спрацавала.
«Гэта цынічны мэдыцынскі гумар»
Інструкцыю для падрыхтоўкі сям’я нідзе не чытала і не глядзела відэаролікаў. Яны рыхтуюцца з апорай на сваю мэдыцынскую адукацыю.
«Першая паніка цяпер адступіла. Перад траўнем гэтая тэма вельмі накручвалася ў мэдыя, што на 9 траўня можа быць ядзерная атака. У нас была павышаная трывожнасьць, таму мы і сталі рыхтавацца. Такі падыход — гэта цынічны мэдыцынскі гумар, так у мэдыкаў праяўляецца прафдэфармацыя», — кажа Ганна.
Іншых знаёмых, якія бы гэтак жа грунтоўна рыхтаваліся да ядзернай ці хімічнай атакі, сям’я ня мае. Аднак яны ня лічаць свае паводзіны празьмернымі: калі невядома, чаго чакаць, лепш быць гатовым да самага неверагоднага.
«Магчыма, што нічога ня будзе, тады мы проста пасьмяёмся, што такія мы загадкавыя людзі», — падсумоўвае яна.