Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SIPRI: Рызыка прымяненьня ядзернай зброі ў сьвеце дасягнула самага высокага ўзроўню з часоў халоднай вайны


Ядзерная ракета ў шахце. Ілюстрацыйнае фота
Ядзерная ракета ў шахце. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты стакгольмскага міжнароднага інстытута дасьледаваньня праблем сьвету SIPRI сьцьвярджаюць, што усе дзяржавы «ядзернага клюбу» — Расея, ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Ізраіль і КНДР — зьбіраюцца павялічыць колькасьць боегаловак у наступныя гады.

«Нягледзячы на тое, што летась былі дасягнуты значныя посьпехі як у галіне кантролю над ядзернымі ўзбраеньнямі, так і ў галіне ядзернага раззбраеньня, рызыка прымяненьня ядзернай зброі цяпер здаецца вышэйшай, чым калі-небудзь з разгару халоднай вайны», — гаворыцца ў камэнтарыі да дакладу SIPRI дырэктара інстытута Дэна Сміта.

Па дадзеных SIPRI, у 2021 годзе адбылося нязначнае скарачэньне ядзерных арсэналаў — з больш за 13 тысяч да 12,7 тысячы, зь іх 9,4 тысячы — актыўныя і патэнцыйна гатовыя да выкарыстаньня. Як адзначае інстытут, скарачэньне запасаў зьвязана з тым, што Расея і ЗША зьнялі з узбраеньня састарэлыя сыстэмы, а колькасьць боезарадаў, прыдатных для выкарыстаньня, застаецца на тым жа ўзроўні. Аднак у SIPRI чакаюць, што ў найбліжэйшае дзесяцігодзьдзе арсэналы будуць расьці.

Па словах экспэрта SIPRI Ханса Крыстэнсэна, «ёсьць відавочныя прыкметы» таго, што працэс скарачэньня ядзерных узбраеньняў, які доўжыўся з часоў заканчэньня халоднай вайны, завершаны.

Лідэры ў колькасьці разгорнутых ядзерных боегаловак па стане на студзень 2022 году:

  • ЗША — 1744 (разам з запасам — 3708);
  • Расея — 1588 (4477);
  • Кітай — 350;
  • Францыя — 280 (290);
  • Вялікая Брытанія (у 2021 годзе краіна адмовілася ад публікацыі дадзеных па ядзерных боегалоўках) — 120 (180).

Ядзерным запасам валодае таксама Пакістан — 165 боегаловак, Індыя — 160, Ізраіль — 90 і КНДР — 20.

Па дадзеных SIPRI, ЗША і Расея ў сукупнасьці валодаюць больш за 90% ядзернай зброі, якая ёсьць у сьвеце. Іншыя сем ядзерных дзяржаў распрацоўваюць і разгортваюць новыя сыстэмы ўзбраеньняў або аб’явілі аб намеры зрабіць гэта.

У SIPRI заяўляюць, што праз вайну ва Ўкраіне абвастраецца рыторыка з боку краін «ядзернага клюбу». Як гаворыцца ў дакладзе, з-за пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне дыялёг Расеі і ЗША аб стратэгічнай стабільнасьці зайшоў у тупік, і ніводная зь іншых ядзерных дзяржаў не вядзе перамоваў аб кантролі над узбраеньнямі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG