«Прэмʼер-міністар сказала, што зь нецярпеньнем чакае супрацоўніцтва з прэзыдэнтам у найбліжэйшыя тыдні і месяцы і з радасьцю прымае запрашэньне неўзабаве наведаць прэзыдэнта Зяленскага ва Ўкраіне», — паведамілі ў офісе Ліз Трас.
У паведамленьні адзначаецца, што новая прэмʼер-міністар пацьвердзіла «няўхільную падтрымку Злучаным Каралеўствам свабоды і дэмакратыі Ўкраіны».
Раней Зяленскі напісаў у твітары, што запрасіў Трас ва Ўкраіну і скаардынаваў зь ёй далейшы ціск на Расею.
Ён таксама падзякаваў брытанскаму народу за абаронную і эканамічную дапамогу, сказаўшы, што «важна, што Брытанія гатова яе ўмацоўваць».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн таксама размаўляў з Трас па тэлефоне. У яе офісе заявілі, што яна зь нецярпеньнем чакае супрацоўніцтва з Байдэнам «для вырашэньня агульных выклікаў, у тым ліку экстрэмальных эканамічных праблем, выкліканых вайной Пуціна».
Раней 6 верасьня Трас, пасьля ўступленьня на пасаду, паабяцала неадкладна ўзяцца за выклікі, зь якімі сутыкаецца Брытанія, у прыватнасьці выкліканыя поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну і наступствамі COVID.
Калі Трас узначальвала МЗС Вялікай Брытаніі, ведамства ўвяло самыя строгія санкцыі супраць Расеі. Таксама Трас плянавала працаваць з саюзьнікамі па «Групе сямі» для павелічэньня вайсковай і гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
У сваёй першай прамове ў якасьці прэмʼер-міністра Трас пералічыла тры прыярытэты будучай працы на новай пасадзе: разьвіцьцё эканомікі за кошт зьніжэньня падаткаў, барацьба з ростам цаны энэргіі і забесьпячэньне людзей неабходнай мэдыцынскай дапамогай.
Трас стала 15-м прэмʼерам, якога прызначыла Лізавета II, а таксама трэцяй жанчынай, якая заняла гэтую пасаду за ўсю гісторыю Вялікай Брытаніі.