Пра гэта 27 чэрвеня заявіў міністар навакольнага асяродзьдзя Вялікай Брытаніі Джордж Юстыс.
Паводле яго слоў, новая распрацоўка прадугледжвае, што ўсё збожжа з Расеі будзе праходзіць праверку для ўстанаўленьня рэгіёну, дзе яно было вырашчана. Юстыс дадаў, што гэта стане перашкодай для паступленьня незаконна вывезенага ўкраінскага збожжа на сусьветныя рынкі.
Міністар таксама адзначыў, што Брытанія паралельна спрабуе дапамагчы Ўкраіне ў аднаўленьні разбураных чыгуначных камунікацый, каб вывозіць украінскае збожжа наземнымі шляхамі.
26 чэрвеня першы намесьнік міністра аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Тарас Высоцкі заявіў, што з пачатку шырокамаштабнага ўварваньня ва Украіну Расія вывезла з акупаваных украінскіх тэрыторый ня менш за 400 тысяч тон збожжа.
27 чэрвеня брытанская служба Бі-Бі-Сі апублікавала расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджаецца, што расейскія войскі ва Ўкраіне сыстэматычна крадуць збожжа і іншыя прадукты ў фэрмэраў і мясцовых жыхароў. Выданьне прааналізавала спадарожнікавыя здымкі і паразмаўляла з украінскімі фэрмэрамі.
- Украіна — чацьвёрты па велічыні экспартэр збожжа ў сьвеце. У 2021 годзе яна экспартавала амаль 45 мільёнаў тон збожжавых і зернебабовых культур.
- На гэты момант украінскія марскія парты заблякаваныя. Прадстаўнік ААН Маўрыцыё Мартына раней заявіў, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну можа прывесьці да павелічэньня колькасьці галадаючых у сьвеце на 18 мільёнаў.
- Улады Ўкраіны неаднаразова абвінавачвалі Расею ў незаконным прысваеньні ўкраінскага збожжа. Расейскія ўлады ўсе абвінавачаньні адмаўляюць.