Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў адмовіўся ад свіх словаў пра адстаўку


Рамзан Кадыраў
Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў заявіў, што ня мае права пакінуць сваю пасаду «проста так», не спытаўшы народу і прэзыдэнта, і заклікаў «пакінуць размовы» аб яго бестэрміновым водпуску.

Кіраўнік Чачэніі ў сваім тэлеграм-канале адзначыў, што мае намер пабіць рэкорд у працягласьці знаходжаньня на пасадзе губэрнатара. Раней ён заяўляў, што можа пакінуць сваю пасаду, бо «заседзеўся».

«Насамрэч проста так сысьці я, вядома, ня маю права. Народ даверыў мне кіраўніцтва рэгіёнам. І апраўдаць гэты давер — мой сьвяты абавязак. Сысьці магу, толькі спытаўшы народ і прэзыдэнта Расеі. Таму размовы аб бестэрміновым адпачынку пакінем на будучыню», — сказаў Рамзан Кадыраў.

Ён нагадаў, што ўзначальвае рэгіён ужо 15 гадоў, аднак рэкорд сярод расейскіх губэрнатараў — 27 гадоў (Яўген Саўчанка прабыў на пасадзе губэрнатара Белгародскай вобласці з 1993 па 2020 год).

«Паглядзім, можа, я перасягну гэты паказчык», — заявіў Рамзан Кадыраў.

Кадыраў узначальвае Чачэнію з 2007 году. У траўні 2021 года ён ужо казаў, што можа пакінуць пасаду кіраўніка рэспублікі, але той жа восеньню быў фармальна перавыбраны тэрмінам яшчэ на пяць гадоў. Да гэтага пра магчымую адстаўку палітык гаварыў у 2016 і 2017 гадах.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Кадыраў стаў адным з галоўных прапагандыстаў вайны, ён рэгулярна дае справаздачу аб адпраўцы наймітаў на фронт, пагражаў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. Акрамя таго, ён дапускаў ужываньне расейскімі войскамі ядзернай зброі.

Кадырава неаднаразова абвінавачвалі ў парушэньні правоў чалавека, ускладаючы на яго адказнасьць за выкраданьні і забойствы яго крытыкаў. У дачыненьні да кіраўніка Чачэніі ўведзены санкцыі ЗША і ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG