Аб атрыманьні ордэна Кадыраў паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы «ВКонтакте». Яго ўручэньне было прымеркавана да адкрыцьця новага будынка Грозьненскай стаматалягічнай паліклінікі № 1.
У адказ Кадыраў узнагародзіў найвышэйшай узнагародай Чачэніі — ордэнам Кадырава — галоўнага доктара паліклінікі Юнуса Ўмарава.
У кіраўніка Чачэніі ёсьць ужо мэдалі за ўмацаваньне крымінальна-выканаўчай сыстэмы Расеі, за барацьбу ў сфэры правоў чалавека, за ўклад у разьвіцьцё парлямэнтарызму, аграпрамысловасьці, заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва.
У Кадырава таксама шмат статусаў. Напрыклад, ён ганаровы прафэсар трох навучальных установаў — Ісламскага ўнівэрсытэту імя Кунта-Хаджы Кішыева, Сучаснай гуманітарнай акадэміі і Чачэнскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Навуковыя ступені кіраўніка Чачэніі даюць яму права чытаць лекцыі ў ВНУ, чым ён абяцаў абавязкова заняцца пасьля заканчэньня свайго кіраваньня рэспублікай.
- Летась Кадыраў атрымаў ордэн «Авіцэна» за ўклад у разьвіцьцё аховы здароўя і мэдычных навук.
- У сьнежні Кадыраў падпісаў указ аб узнагароджаньні мэдалём «За заслугі перад Чачэнскай рэспублікай» сваёй 21-гадовай дачкі — начальніка дэпартамэнту дашкольнай адукацыі Грознага Хадзіжат Кадыравай.
- Дзяржаўны тэлеканал «Грозны» ўзнагародзіў Рамзана Кадырава прэміяй 45 тысяч рублёў за відэа з папугаем.
- Усяго ў Рамзана Кадырава больш за тры дзясяткі афіцыйных урадавых узнагарод, у іх ліку мэдаль «За воінскую доблесьць» II ступені (2000 год), «За заслугі перад Айчынай» IV і III ступені (2006 і 2021 гады), Зорка Героя Расеі.
- ЗША ўнесьлі Рамзана Кадырава ў санкцыйны сьпіс за пазасудовыя пакараньні, катаваньні і іншыя сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. Санкцыі распаўсюджваюцца таксама на яго жонку Медні Кадыраву і ягоных дачок Айшат і Карыну Кадыравых. Санкцыі прадугледжваюць, у прыватнасьці, забарону на ўезд у краіну і дзелавыя кантакты, а таксама замарожаньне актываў на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Раней у дачыненьні да Кадырава былі ўведзены эканамічныя санкцыі.