Басманны раённы суд Масквы прызнаў несапраўднай і ануляваў ліцэнзію СМІ друкаванай вэрсіі незалежнай «Новой газеты». Пазоў аб пазбаўленьні «Новой газеты» рэгістрацыі СМІ падаў у суд «Раскамнагляд».
Пра пазоў «Раскамнагляду» стала вядома ў канцы ліпеня. Паводле сьцьвярджэньня ведамства, нагодай стала тое, што выданьне не падало статут рэдакцыі ў вызначаны законам тэрмін. У «Новой газеце» заяўляюць, што гэты эпізод адбыўся яшчэ ў 2006 годзе, і настойваюць на тым, што «Раскамнагляд» няправільна трактуе закон.
Пры гэтым у сакавіку 2022 году «Раскамнагляд» вынес газэце два папярэджанні за згадванне так званых замежных агентаў без прадпісанай законам маркіроўкі. Гэта таксама можа быць падставай для ануляваньня пасьведчаньня аб рэгістрацыі СМІ. Пасьля другога папярэджаньня «Новая газета», якая спрабавала працаваць нават ва ўмовах фактычна ўведзенай ваеннай цэнзуры, прыпыніла выпуск.
Галоўны рэдактар газеты Дзьмітрый Муратаў, які асабіста выступіў у спрэчках, назваў рашэньне суду «нікчэмным» і «замоўным палітычна» і паабяцаў яго абскардзіць.
Як чакаецца, у аўторак суд разгледзіць яшчэ адзін пазоў «Раскамнагляду» — аб адкліканні ліцэнзіі ў сайту «Новой газеты», які зарэгістраваны як асобнае СМІ.
«Новая газета» выпускалася з 1993 году. У канцы сакавіка яна прыпыніла выпуск і абнаўленьне сайту. Рэдакцыя адзначыла, што расейскае заканадаўства не дазваляе журналістам асьвятляць ход вайны з Украінай.
Частка супрацоўнікаў сталі працаваць у зарэгістраваным у Латвіі выданьні «Новая газета.Европа». Частка — выпускаць часопіс «Новая рассказ-газета». Абодва сайты былі заблякаваныя ў Расеі на патрабаваньне пракуратуры — праз 10 і праз 7 дзён пасьля запуску адпаведна.
Папяровы выпуск «Новая газета» спыніла на пачатку сакавіка, тады паведамлялася, што яна ня будзе выходзіць да канца вайны ва Ўкраіне.