Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: Гарбачоў быў часткай свайго часу, але ён здолеў зрабіць тое, што ня мог ніхто іншы


Міхаіл Гарбачоў выступае ў Акадэміі навук Беларусі ў Менску 28 лютага 1991 году
Міхаіл Гарбачоў выступае ў Акадэміі навук Беларусі ў Менску 28 лютага 1991 году

Свабода пагаварыла з нобэлеўскай ляўрэаткай у літаратуры Сьвятланай Алексіевіч пра спадчыну, якую пакінуў па сабе апошні кіраўнік Савецкага Саюзу.

30 жніўня на 92-м годзе жыцьця памёр Міхаіл Гарбачоў, апошні генэральны сакратар ЦК КПСС і першы ды апошні прэзыдэнт СССР.

— Якая была ваша першая думка, калі вы даведаліся пра сьмерць Міхаіла Гарбачова?

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

— Я прыгадала, як мы сустрэліся зь ім пасьля яго лекцыі ў Парыжы ў 1999-м. Гэта было вельмі па-чалавечы. Нязвыклая была такая рэакцыя ад чалавека такога рангу, хай і ў адстаўцы, але ад чалавека, які ўвайшоў у гісторыю. Мяне тады ўразіла яго бездапаможная ўсьмешка — бездапаможная перад лёсам. Я сустракалася зь ім і да гэтай сустрэчы ў Парыжы. Але менавіта тады ён уразіў мяне сваім чалавечым. Я яго вельмі люблю. І ў мяне была магчымасьць сказаць яму гэта.

Зараз у сеціве так шмат цёплых словаў пра яго сказана — пасьля яго сьмерці. Як шкада, што Міхаіл Сяргеевіч ня можа іх прачытаць.

— А як ацэньвалі Гарбачова героі вашай кнігі «Час second hand»?

— Я пыталіся ў іх пра гэта. Яны былі падзеленыя ў ацэнках. Адны паўтаралі савецкія мантры — «разваліў Саюз», «прадаў краіну». А іншыя аддавалі яму належнае. Яны казалі, што ён застанецца ў гісторыі, роўных яму з нашага часу ў гісторыі нікога не застанецца.

— Ці залежалі ацэнкі Гарбачова ад таго, як склаўся лёс герояў вашай кнігі пасьля 1991 году? Ці можна сказаць, што станоўча яго ацэньвалі тыя, чый лёс склаўся добра, а адмоўна — тыя, хто страціў ад надыходу новых часоў?

— Не, такой сувязі не было. Я ведаю, як яго ненавідзелі яго блізкія паплечнікі. Я ведаю, як яго ненавідзелі некаторыя алігархі. Да яго ставіліся адмоўна ня толькі людзі, якія страцілі ад развалу імпэрыі. А зь іншага боку, я чула цёплыя словы пра Гарбачова ад сьціплых настаўніц, ад моладзі, якая была яму ўдзячная.

— Існуе цікавая заканамернасьць у водгуках у сацыяльных сетках на сьмерць Гарбачова. Адмоўныя ацэнкі значна часьцей сустракаюцца ў моладзі. Некаторыя маладыя беларусы не даруюць яму паводзіны ўлады падчас Чарнобылю, прыгадваюць кроў Тбілісі, Баку, Вільні. Яны ня маюць рацыі? Іх стаўленьне не абумоўленае настальгіяй па СССР.

— Гарбачоў быў часткай свайго часу. Я чула, як ён адказваў на пытаньне пра першамайскую дэманстрацыю ў Гомлі ў 1986 годзе (празь пяць дзён пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. — РС). Ён казаў: адкуль я мог ведаць? Я туды накіраваў лепшых навукоўцаў. І ніхто мне не патлумачыў, яны казалі — ды мы тут чырвонага віна вып'ем, і ўсё будзе ў парадку.

Яго абвінавачваюць у тым, у чым можна абвінаваціць той час. Ці можна абвінаваціць чалавека праз 30–50 гадоў у тым, што ён тады ня быў такі разумны, як мы цяпер? Я нязгодная з тым, што на чалавека чапляюць час.

— У Талстога ў «Вайне і міры» ёсьць параўнаньне Напалеона з хлопчыкам, які сядзіць у закрытым вазку і торгае дэкаратыўныя лейцы. А правіць вазком насамрэч зусім ня ён. Можа, Гарбачова гэтая мэтафара тычыцца ў значна большай ступені, чым Напалеона. Хацеў аднавіць сацыялізм, КПСС, захаваць СССР. А ў выніку... Дык за што быць удзячнымі «хлопчыку, які торгаў дэкаратыўныя лейцы»?

— У Талстога гэтая ж думка ўкладзеная ў вусны Кутузава. Ён напярэдадні Барадзіна кажа: заўтра ўсё зробяць мае салдаты і афіцэры, усё, што мог, зрабіў я. Але галоўнае зробіць нехта іншы.

Гарбачоў у 1986 годзе ніякага разуменьня ня меў, што такое Чарнобыль. І ніхто ў сьвеце ня меў.

— Але што такое ўжываньне войскаў у Тбілісі, Баку і Вільні, ён разуменьне меў.

— У яго быў намер ня даць распасьціся Савецкаму Саюзу. Ён жа не адразу стаў тым Гарбачовым, якім мы яго зараз прыгадваем. Ён мяняўся зь цягам часу. Я не кажу, што гэта можна апраўдаць. Але нават вялікія людзі ня роўныя таму, што адбываецца.

Але мы можам паставіць яму ў заслугу тое, што ён зрабіў моцны рывок, які тады ніхто іншы ня здольны быў зрабіць. А ён зрабіў.

— У мяне такое ўражаньне, што расейцы гістарычна вельмі траўмаваныя сваімі смутамі. І яны разглядаюць як адзін шэраг — цар Барыс Гадуноў, цар Васіль Шуйскі, імпэратар Мікалай ІІ, прэзыдэнт Гарбачоў. Калі ў Расеі слабы ўладар, яна абрынаецца ў смуту. Наколькі гэтая траўма, страх смуты, уласьцівая беларусам?

— У нас гэтага няма, або гэтае пачуцьцё значна слабейшае. А ў расейцаў гэта і сапраўды ёсьць. У прыватнасьці, Пуцін траўмаваны такім разуменьнем гісторыі. 30 гадоў мы не былі так падзеленыя. Тады ў нас была супольная оптыка, а зараз у кожнага народу свая. У народаў Балтыі — свая, ва ўкраінцаў — свая, у беларусаў выкрышталізоўваецца свая. Мы з крывёй адрываемся адзін ад аднаго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG