Пра дэталі напісала журналістка Любоў Лунёва.
«Затрымалі Паўла Мажэйку, калі той чарговы раз паехаў праведаць бацькоў у Горадню. А хто мог ведаць, што там зачыстка цяпер тычыцца ня толькі яго паплечнікаў, але й сваякоў і яго самога? Абвінаваціць могуць у чым заўгодна. Ніхто нават не пытаецца, за што. Цікавіць нумар артыкулу Крымінальнага кодэксу, каб толькі ведаць, колькі „сьвеціць“ чалавеку правесьці за кратамі...»
Любоў Лунёва заклікае іншых вядомых журналістаў і грамадзкіх актывістаў ня езьдзіць у Беларусь.
«Нельга! Ну нельга цяпер туды езьдзіць, калі вы вядомая асоба, асабліва калі журналіст ці грамадзкі актывіст. Сьмярдзючая камэра чакае на Бацькаўшчыне кожнага, хто спадзяецца, мо абміне гэтая навала, маўляў, пабачуся са сваімі і вярнуся. Ня вернесься...»
У сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін.
Павал Мажэйка — вядомы горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў грамадзка-культурнага жыцьця гораду. У 2002 годзе яго асудзілі на два гады хіміі за «паклёп» на Лукашэнку ў артыкуле ў газэце «Пагоня» пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара ды іншых апанэнтаў уладаў. Мажэйка кіраваў «Цэнтрам гарадзкога жыцьця» Горадні, які ўлады зьліквідавалі летам 2021 году.