Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія экспэрты пасьля інспэкцыі на Беларускай AЭС пахвалілі пэрсанал. Aднак першы блёк так і не аднавіў працу


АЭС у Астраўцы. Архіўнае фота
АЭС у Астраўцы. Архіўнае фота

Экспэрты маскоўскага цэнтру Сусьветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплюатуюць атамныя электрастанцыі (WANO), завяршылі місію тэхнічнай падтрымкі на Беларускай АЭС, паведаміла 29 жніўня прэс-служба AЭС.

На працягу тыдня прадстаўнікі арганізацыі вывучалі «функцыянаваньне сыстэмы аналізу і выкарыстаньня досьведу эксплюатацыі», працэсы камунікацыі, разьмеркаваньня абавязкаў і паўнамоцтваў «удзельнікаў сыстэмы аналізу досьведу эксплюатацыі», а таксама «іншыя пытаньні, датычныя досьведу эксплюатацыі АЭС».

«На Беларускай АЭС працуе вельмі кваліфікаваны, працавіты і спагадлівы пэрсанал. Гэта садзейнічала пасьпяховаму вырашэньню задач місіі і вельмі моцна матывавала», — зазначыў па выніках візыту каардынатар маскоўскага цэнтру WANO Іван Ганчароў.

У першы дзень экспэртнай місіі, 22 красавіка, Міністэрства энэргетыкі абвясьціла пра завяршэньне плянава-папераджальнага рамонту на першым энэргаблёку БелАЭС. Працэс, на які адводзілася каля 80 дзён, доўжыўся 119 дзён. Праз тыдзень пасьля завяршэньня рамонту не зьявілася ніякіх прыкмет таго, што блёк аднавіў вытворчасьць электраэнэргіі.

Беларуская АЭС пабудавана паблізу Астраўца пераважна за кошт крэдыту Расеі і па расейскім праекце ВВЭР-1200. Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплюатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году.

У рэактар другога энэргаблёку 22 сьнежня 2021 году загрузілі ядзернае паліва, з чаго пачаўся этап яго фізычнага пуску. Камэрцыйнае выкарыстаньне блёку плянавалі пачаць да гэтага лета, аднак гендырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў, выступаючы 26 красавіка ў Савеце Фэдэрацыі РФ, выказаў надзею на тое, што яго ўдасца здаць у прамысловую эксплюатацыю да канца 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG