Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнасьць Украіны і Беларусі будзе пад пагрозай, пакуль існуе імпэрскі расейскі праект, — Баркоўскі


Беларускі філёзаф Павал Баркоўскі адказвае на пытаньне, што зьмяніла расейска-ўкраінская вайна ў Беларусі і рэгіёне, адзначае, што працэс фашызацыі беларускага грамадзтва можа закрануць кожнага, і лічыць, што аншлюс Беларусі — гэта рэальнасьць.

Сьцісла:

  • «Расейская імпэрыя працягвае распадацца, і, магчыма, мы зараз назіраем наступны акт гэтага доўгага працэсу».
  • «Беларусь пасьля жніўня 2020 году праходзіць „перадпрадажную падрыхтоўку“».
  • «Фашызацыя грамадзтва робіцца заўважнай і балючай для кожнага чалавека, незалежна ад ягоных палітычных перакананьняў».
  • «У сёньняшніх умовах любая праца ў пэўных органах і кабінэтах па змаўчаньні выглядае як супрацоўніцтва, калябарацыя з гэтым рэжымам».
  • «Каб зьмяніць сытуацыю, сёньня недастаткова толькі „зьмяніць сябе“ — даводзіцца змагацца».

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

— Споўнілася паўгода ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, і ўжо, магчыма, можна рабіць нейкія высновы, нават незалежна ад таго, як канкрэтна гэтая вайна скончыцца. Што зьмяніла гэтая вайна ў Беларусі і ў рэгіёне — з гістарычнага і філязофскага пункту гледжаньня?

— Я думаю, галоўны ўрок гэтай вайны для Беларусі ў тым, што беларусам давялося ўсьвядоміць, што мы не ізаляваная краіна, якая вырашае свае праблемы выключна ўнутры сябе самой. Беларусы — гэта частка больш вялікага і складанага ўраўненьня, і, на жаль, нашыя суседзі не заўжды даюць нам магчымасьць існаваць сваім уласным жыцьцём.

І калі беларусы сёньня часткова назіраюць, часткова самі бяруць ускосны ці непасрэдны ўдзел у вайне, — яны пры гэтым усьведамляюць, што сытуацыя зь незалежнасьцю і будучыняй Беларусі — гэта адказнасьць кожнага з нас. І, каб зьмяніць сытуацыю, недастаткова толькі «зьмяніць сябе» — даводзіцца змагацца і зьмяняць сытуацыю вакол сябе. У нашым выпадку — гэта дапамагаць Украіне і змагацца супраць паўзучай расейскай агрэсіі.

— Вайна ва Ўкраіне фармуе контуры будучай Эўропы. Магчыма, мы бачым працяг працэсу распаду імпэрыі, які не завяршыўся ў 1991 годзе. Ці можна сказаць, што мы ўступаем у пэрыяд такіх істотных гістарычных пераменаў, якіх не было ад канца 1980-х?

— Так, сучасныя падзеі даюць падставы для многіх гістарычных аналёгіяў. Сапраўды, працягваецца гістарычны працэс глябальнага распаду імпэрыяў. Адна з самых маладых імпэрыяў — Расейская — працягвае распадацца, і, магчыма, мы цяпер назіраем наступны акт гэтага доўгага працэсу.

Але мы бачым і іншыя тэндэнцыі. Падзеі ва Ўсходняй Эўропе паказваюць жывучасьць іншых гістарычных саюзаў. Мы бачым, што найбольш кансалідавана разам выступаюць менавіта народы былой Рэчы Паспалітай. Так што нават сёньня актуальнымі застаюцца тэмы, якія гавораць пра нашу калектыўную бясьпеку і паказваюць той вэктар разьвіцьця, які давядзецца выбіраць найбліжэйшым часам.

— Першага жніўня вы напісалі даволі гучны пост у фэйсбуку, назваўшы яго «Інструкцыя па выжываньні». Сярод іншага, вы пісалі: «Трэба канчаткова зьмірыцца з тым, што Беларусь і яе ўсходні сусед зрабіліся фашысцкімі дзяржавамі… А пры фашызьме ёсьць толькі рэжым ворага і сябра, і вельмі складана праходзіць тэст на ляяльнасьць, не запэцкаўшыся». Але ці можна лічыць, што гэтая фашызацыя беларускай дзяржавы закране ня толькі апанэнтаў улады, але і шырокія масы насельніцтва? Ці яны могуць працягваць жыць, як раней, асабліва не разумеючы, пра які фашызм кажа філёзаф Баркоўскі ды іншыя?

— Фашызацыя грамадзтва робіцца заўважнай і балючай для кожнага чалавека, незалежна ад ягоных палітычных перакананьняў і публічнай актыўнасьці. Відавочна, што дэградуе само грамадзкае жыцьцё. Пры такіх жорсткіх фашысцкіх рэжымах вялікую ролю адыгрывае ідэалягічная напампоўваньне насельніцтва, забараняецца любая праява свабоднага культурнага жыцьця. Само жыцьцё становіцца рэглямэнтаваным, бедным на падзеі, людзі ўвесь час знаходзяцца пад страхам рэпрэсіяў.

У такім рэжыме жыцьця людзям вельмі цяжка жыць і працаваць, а тым больш рабіць нешта для душы. Калі ты можаш гэтаму псыхалягічна процістаяць, змагацца — значыць, трэба змагацца, мэтанакіравана і без сантымэнтаў. Калі ж гэта ставіць пад пагрозу тваё жыцьцё і свабоду, значыць, трэба шукаць магчымасьць выяжджаць з краіны і працаваць на Беларусь іншым шляхам.

— Але як разумець вашы словы «трэба змагацца»? Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, зададуць пытаньне: што гэта канкрэтна азначае? Ці вы лічыце, што, паколькі нейкія публічныя рэчы зараз праз рэпрэсіі ў Беларусі немагчымыя, то фактычна змаганьнем становіцца любое маральнае стаўленьне да цяперашніх зьяваў, маўклівы супраціў?

— Формаў змаганьня існуе безьліч. Нават па падзеях гэтай вайны гэта можна назіраць. Напрыклад, беларусы зьбіраюць інфармацыю і дасылаюць яе ў тэлеграм-каналы, якія манітораць вайсковую актыўнасьць. Іншая справа, ці дастаткова цяпер толькі маўклівага супраціву — як у савецкі час, калі на кухнях многія выказвалі нязгоду.

— То бок варыянт Салжаніцына — не хлусіць, ня браць удзел?

— Так, і гэта сёньня вельмі цяжкі выбар для кожнага беларуса. Бо вельмі цяжка ня весьці сваё дзіцё ў школу, нават калі ты ведаеш, што ў школе праводзіцца нахабная агітацыя. Ці ты здольны рашыцца на такі крок, які ў нашай сытуацыі мае яшчэ і юрыдычныя наступствы? Ці здольны ты на працы не выконваць некіх распараджэньняў, які відавочна незаконныя і рэпрэсіўныя, накіраваныя супраць грамадзкіх інтарэсаў? Гэта сапраўды вельмі цяжкі выбар.

І натуральна, кожнаму беларусу варта ацэньваць свае сілы і магчымасьці. У сёньняшніх умовах любая праца ў пэўных органах і кабінэтах па змоўчаньні выглядае як супрацоўніцтва, калябарацыя з гэтым рэжымам. І тут ужо ня можа быць нейкіх адгаворак у стылі «я нешта ня ведаў ці не разумеў».

Але ў іншых сфэрах чалавеку трэба сапраўды выставіць пэўныя рамкі і моцна іх трымацца, калі на гэта хапае душэўных сілаў.

— Канцлер Нямеччыны Шольц нядаўна расказаў пра некаторыя свае размовы з Пуціным, адкрыўшы сакрэт палішынеля, што Пуцін ня жадае бачыць незалежнасьць Украіны і Беларусі. Мы ўвесь час жывём ва ўмовах «пагрозы незалежнасьці», але выглядае, што цяпер яна набыла нейкія новыя маштабы.

— Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі казалі, што расейскі лібэралізм лёгка правяраецца ў адказе на пытаньне пра незалежнасьць Польшчы. З таго часу мала што зьмянілася, расейскі імпэрыялізм застаецца як вызначальны чыньнік сьвядомасьці. Адпаведна, незалежнасьць ня толькі Ўкраіны і Беларусі, але і іншых краінаў былога СССР будзе пад пагрозай, пакуль існуе імпэрскі расейскі праект, пакуль ён ня будзе здадзены ў лямбард гісторыі.

І мы назіраем, як Беларусь пасьля жніўня 2020 году праходзіць «перадпрадажную падрыхтоўку». Фактычна была страчана нашая інфармацыйная незалежнасьць, у пляне інфармацыйнай бясьпекі беларуская дзяржава цалкам перастала выконваць свае функцыі, здала свае мэдыя расейскім прапагандысцкім каналам і ідэям. Паступова русыфікуецца публічная прастора, гісторыя падаецца ў тэндэнцыйным русафільскім выглядзе, школьная адукацыя зьмяняецца ў бок уніфікацыі з Расеяй.

Усё гэта вельмі небясьпечныя тэндэнцыі, і зразумела, што нейкі мяккі ці нават жорсткі аншлюс Беларусі — гэта рэальнасьць. Вядома, калі вайна Расеі супраць Украіны не закончыцца так, як і расейска-японская вайна 1905 году, паразай Расеі і патэнцыйным паўраспадам усёй сыстэмы.

Аднак ні ў якім разе нельга расчароўвацца ў стылі «ўсё прапала». Нічога не прапала, і ад пазыцыі, ад трываласьці кожнага з нас залежыць канчатковы вынік — якой быць Беларусі ў будучыні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG