Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Святлана Ціханоўская напісала ў сваім віншаваньні:
«Дарагі Прэзыдэнт Зяленскі! Дарагія ўкраінцы і ўкраінкі! Ад імя беларусаў і Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі віншую вас з Днём Незалежнасьці Ўкраіны! Гэты дзень адгукаецца ў сэрцах і душах усіх свабодалюбных беларусаў. Сёньня вы ахвярна бароніце і сваю волю, і незалежнасьць Эўропы. Нашая краіна Беларусь зараз паняволеная, і расейскія агрэсары зь беларускай зямлі падступна атакуюць мірныя ўкраінскія гарады і сёлы. Але беларускі народ, які ў 2020 годзе зрабіў выбар на карысьць свабоды, ня будзе вечна мець над сабой прыгнёту...
Дэмакратычная Беларусь стаіць на баку Ўкраіны, а самі беларусы штодня дапамагаюць украінцам адстаяць свабоду. Мы верым у перамогу Ўкраіны і будзем працягваць падтрымліваць украінскі народ у пабудове такой будучыні, якую ён сам абярэ. І я веру, што беларусы і ўкраінцы абавязкова будуць лепшымі суседзямі ў свабоднай эўрапейскай прасторы».
Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка таксама зьвярнуўся зь віншаваньнямі:
«Перад намі стаіць гістарычны выклік — абараніць права быць незалежнымі і дэакупаваць нашы землі ад расейскага агрэсара. Той, хто хоча заняволіць нас, сустрэў адпор свабодных і сьмелых украінцаў і ўкраінак, побач зь якімі змагаюцца сотні беларускіх хлопцаў і дзяўчат. І мы ня маем сумневаў, што перамога будзе за намі — вольнымі народамі Ўкраіны і Беларусі!»
«Са сьвятам, вольная Ўкраіна! Вольная духам, воляй і, веру, у бліжэйшы час зямлёю!» — напісаў у сваім тэлеграм-канале палітык Валер Цапкала.