Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы: газаправод «Паўночны паток-2» варта дэмантаваць


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну варта ня толькі спыніць дзейнасьць газаправоду «Паўночны паток-2», а і ўвогуле яго дэмантаваць.

«Няма вяртаньня да звычайнага бізнэсу ў сувязях з Расеяй, калі Расея ваюе супраць Украіны, нападае, акупуе законныя, міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны і яе тэрыторыі. Зьмена палітыкі на Захадзе — гэта ня проста поўнае спыненьне „Паўночнага патоку-2“, але і ліквідацыя, поўны дэмантаж гэтага патоку», — заявіў Анджэй Дуда, выступаючы на другім міжнародным форуме «Крымская плятформа».

«Пасьля бамбаваньня Харкава, Кіева, пасьля таго як мы пабачылі Ірпень, Барадзянку, Бучу, Марыюпаль, зьнішчаны ракетамі, пасьля расейскай вайны супраць Украіны, пасьля руйнаваньня і зьнішчэньня Ўкраіны мы ня маем магчымасьці вярнуцца да таго, што было 23 лютага гэтага году. Трэба вызваліць усю тэрыторыю Ўкраіны, разам з Крымам у міжнародна прызнаных межах», — дадаў польскі прэзыдэнт.

У сваю чаргу, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо лічыць, што «пуцінская навала пачалася ў 2014 годзе з анэксіі Крыму»:

«Украіна мае права абараняцца і абараняць свой Крым. Канада з партнэрамі будзе дапамагаць», — сказаў Джастын Трудо. Ён дадаў, што Канада ўжо ўвяла санкцыі супраць 1750 грамадзян Расеі і Беларусі і плянуе ўвесьці яшчэ супраць 62 асобаў і аднаго прадпрыемства абароннага сэктару, якое ўдзельнічае ў расейскай вайне супраць Украіны.

«Мы асуджаем Расею за тое, што яна спрабуе сілай забраць у Украіны пэўныя тэрыторыі. Любыя спробы зьмяніць статус любых частак украінскай тэрыторыі ніколі не атрымаюць прызнаньня з нашага боку», — падкрэсьліў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. Ён таксама паведаміў пра новую праграму дапамогі зброяй, у тым ліку сыстэмамі супрацьпаветранай абароны і боепрыпасамі.

Намер падоўжыць дапамагаць усімі сродкамі да поўнай перамогі Ўкраіны і вываду Расеяй сваіх войскаў з украінскай тэрыторыі выказаў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.

«Мы ніколі не прызнаем расейскай анэксіі Крыму ці любой іншай часткі ўкраінскай тэрыторыі. Мы павінны далей надаваць украінскім сябрам усю вайсковую падтрымку, гуманітарную, эканамічную і дыпляматычную дапамогу», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў Расею спыніць ваенныя дзеяньні і вывесьці войскі з тэрыторыі Ўкраіны.

На форуме «Крымская плятформа» таксама выступілі прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ў форуме бяруць удзел 60 лідэраў розных краін. Усе, апроч Анджэя Дуды, які прысутнічаў на форуме ў Кіеве і сядзеў справа ад Зяленскага, выступалі празь відэасувязь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG