«З 24 лютага з акупаванага Крыму па нашых гарадах і грамадах было запушчана 750 розных крылатых ракет. 750 ракет за паўгода. Яны зьнішчылі сама меней сотні цывільных аб’ектаў — школы, унівэрсытэты, звычайныя жылыя будынкі, лякарні, і таму аднаўленьне Ўкраінай кантролю над паўвостравам Крым стане гістарычным антываенным крокам у Эўропе», — заявіў Уладзімір Зяленскі 23 жніўня, выступаючы на другім міжнародным форуме «Крымская плятформа».
Паводле яго, кантроль Украіны над Крымам будзе гарантаваць бясьпеку, справядлівасьць і рэінтэграцыю Крыму ў сучасны сьвет.
«Для Ўкраіны Крым — гэта ня проста нейкая тэрыторыя, ня фішка ў геапалітычнай гульні, як для дзяржавы-тэрарысткі. Для Ўкраіны Крым — гэта частка нашага народу, грамадзтва, супольнасьць людзей, якім мы гарантуем свабоду і якіх вернем у сучаснасьць.
Пасьля дэакупацыі разам з усёй нашай дзяржавай ён стане часткай Эўразьвязу, я ў гэтым перакананы. Пашпарт грамадзяніна Ўкраіны будзе і пашпартам Эўрапейскага Зьвязу, і гэта калясальныя магчымасьці для ўсіх нашых людзей, якія жывуць у Крыме», — падкрэсьліў ён.
«Дарогі Крыму будуць дарогамі ўсяго кантынэнту. Парты Крыму будуць партамі ўсёй Эўропы. Украіна здольная зьвязаць Сімфэропаль з Бэрлінам, а Ялту зь Нэапалем. Толькі Ўкраіну хвалюе сапраўдная бясьпека Крыму — нармальнае забесьпячэньне чыстай вадой, нармальная ўтылізацыя сьмецьця... Толькі Ўкраіна можа пабудаваць сучасную сыстэму арашэньня і інтэграваць аграрную вытворчасьць Крыму і прадпрымальніцкі сэктар з калясальным эўрапейскім рынкам», — перакананы Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны таксама дадаў, што Ўкраіна ніколі ня скажа Крыму: «Грошай няма, але вы трымайцеся».
У сваю чаргу, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо і канцлер Нямеччыны Олаф Шольц падкрэсьлілі, што лічаць Крым часткай Украіны і падтрымліваюць дэакупацыю паўвострава.
Палітыкі таксама падкрэсьлілі, што далей будуць дапамагаць Украіне, у тым ліку і зброяй.
Форум «Крымская плятформа» створаны летась для распрацоўкі стратэгіі для дэакупацыі Крыму, анэксаванага Расеяй у 2014 годзе. У 2021 годзе ў ім удзельнічалі прадстаўнікі 47 замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый.