Новы пакет санкцый павінен закрануць сфэры эканомікі, энэргетыкі і гандлю. Таксама мусіць быць пашыраны санкцыйны сьпіс для фізычных і юрыдычных асобаў. Акрамя таго, Эстонія мае намер дамагацца забароны на паездкі расейцаў у Эўропу і закрыць для іх Шэнгенскую візавую зону.
Паводле слоў міністра замежных спраў Эстоніі Ўрмаса Рэйнсалу, важна прыняць новы пакет санкцый як мага хутчэй, каб узмацніць жорсткасьць абмежаваньняў і «павысіць цану агрэсіі для Расеі».
- 20 чэрвеня Эўразьвяз зацьвердзіў чарговы, сёмы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі з яе ўварваньнем ва Ўкраіну. Абмежаваньні забараняюць экспарт золата і ювэлірных вырабаў зь яго з Расеі і блякуюць эўрапейскія актывы Ашчадбанка. Санкцыі таксама прадугледжваюць новыя меры экспартнага кантролю і абмежаваньні супраць больш як 50 юрыдычных і фізычных асоб.
- Папярэдні, шосты пакет прадугледжваў забарону на ўвоз нафты з Расеі марскім шляхам з 5 сьнежня 2022 года. Чакаецца, што ў выніку эўрапейскі імпарт нафты з Расеі скароціцца прыкладна на 90 працэнтаў. ЗША забаранілі імпарт нафты, газу і вугалю з Расеі ў пачатку сакавіка 2022 года.