Амбасадар Беларусі ў Вялікай Брытаніі Максім Ермаловіч 29 ліпеня быў адкліканы ў Беларусь. МЗС Беларусі адзначыла, што не разрывае дыпляматычныя стасункі, але новага амбасадара прызначаць ня будзе. Амбасадарка Вялікай Брытаніі Джаклін Пэркінз на пытаньне «Белсату» адказала, што Брытанія не плянуе сымэтрычнага кроку ў адказ.
Амбасада Аб’яднанага Каралеўства адказала «Белсату», што на гэты час Вялікая Брытанія «ня мае намеру» адклікаць амбасадарку.
«Падтрыманьне адносінаў на амбасадарскім узроўні мае важнае значэньне для адкрытага дыялёгу падчас складанай сытуацыі ў міжнародных адносінах, — тлумачаць у амбасадзе. — Вялікая Брытанія працягне актыўна заклікаць да адказнасьці ў Беларусі».
Як правіла, паніжэньне ўзроўню дыпляматычнай прысутнасьці адбываецца сымэтрычна: калі адзін бок адклікаў амбасадара, то адклікае і другі.
Прычыны адкліканьня Ермаловіча, якія назваў прэс-сакратар МЗС, наступныя: санкцыі, абмежаваньне працы дзяржаўных мэдыя, «беспадстаўная» забарона на палёты «Белавія», нявыдача беларускім дэпутатам візаў для наведваньня паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
У МЗС Беларусі пасьля адкліканьня амбасадара зь Вялікай Брытаніі заявілі, што гэта не разрыў дыпляматычных стасункаў — каналы камунікацыі застаюцца. У той жа час новага амбасадара паабяцалі прызначыць толькі «пасьля заканчэньня сёлетняга ўнутрыпалітычнага шоў і зьяўленьня ў брытанскім урадзе адказных палітыкаў».