Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на паўночнакарэйскае дзяржаўнае агенцтва ЦТАК.
У лісьце Кім Чэн Ыну з нагоды Дня вызваленьня, які адзначаецца ў Паўночнай Карэі, Пуцін указаў, што больш цесныя адносіны адпавядаюць інтарэсам абедзьвюх краін і дапамогуць умацаваць бясьпеку і стабільнасьць на Карэйскім паўвостраве і ў Паўночна-Ўсходняй Азіі, паведаміла агенцтва.
Кім Чэн Ын таксама накіраваў ліст Пуціну, у якім адзначыў, што расейска-паўночнакарэйская дружба завязалася ў гады Другой сусьветнай вайны з перамогай над Японіяй, якая акупавала Карэйскі паўвостраў.
«Стратэгічнае і тактычнае супрацоўніцтва, падтрымка і салідарнасьць паміж дзьвюма краінамі ўзьнімаюцца на новы ўзровень» для ліквідацыі пагроз і правакацый з боку варожых ваенных сіл, гаворыцца ў лісьце Кім Чэн Ына.
ЦТАК не ўдакладніла, што разумеецца пад варожымі сіламі, але звычайна гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў адносінах да ЗША і іх саюзьнікаў.
Сёлета Паўночная Карэя правяла ўжо дзясяткі пускаў балістычных ракет, у тым ліку міжкантынэнтальных балістычных ракет, і тым самым парушыла мараторый на выпрабаваньні, які яна сама ж увяла ў 2018 годзе пасьля таго, як Кім Чэн Ын упершыню сустрэўся з тагачасным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
ААН і МАГАТЭ асьцерагаюцца, што Паўночная Карэя зараз рыхтуецца правесьці першае з 2017 году выпрабаваньне ядзернай зброі.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у траўні заявіў, што Вашынгтон гатовы да любых новых выпрабаваньняў вайсковай тэхнікі з боку Паўночнай Карэі. Пры гэтым ён ня выключыў магчымасьці асабістай сустрэчы з Кім Чэн Ынам.
У ліпені Паўночная Карэя прызнала дзьве сэпаратысцкія «народныя рэспублікі» на ўсходзе Ўкраіны ў якасьці незалежных дзяржаў, а афіцыйныя асобы падымалі пытаньне аб адпраўцы паўночнакарэйскіх рабочых у гэтыя раёны для аказаньня дапамогі ў будаўніцтве і іншых працах.
Праз гэты крок Украіна, якая супраціўляецца расейскаму ўварваньню, 13 ліпеня разарвала адносіны з Пхэньянам.