Армія абароны Ізраіля паведаміла аб ліквідацыі ў сэктары Газы Халеда Мансура — аднаго з ваенных камандзіраў групоўкі «Ісламскі джыхад». Мансур лічыўся другім паводле значнасьці камандуючым у групоўцы.
Халед Мансур адказваў за дзейнасьць групоўкі ў паўднёвай частцы сэктара Газы. Забіты ў пятніцу Тайсір аль-Джабары адказваў за поўнач. Разам з Мансурам загінулі яго намесьнік Зіяд Мадалаль і брыгадны камандзір Хатаб Амасі.
У ноч з суботы на нядзелю ізраільскае войска працягнула антытэрарыстычную апэрацыю «Сьвітанак», накіраваную на ліквідацыю баевікоў «Ісламскага джыхаду». Згодна з паведамленьнем ізраільскага камандаваньня, атрымалася ўразіць каля 140 вайсковых мэтаў, уключаючы падземныя тунэлі, зь якіх ладзілі напады тэрарысты.
З тэрыторыі сэктара Газы з моманту пачатку апэрацыі «Сьвітанак» у пятніцу па Ізраілі было выпушчана 580 ракет. 120 зь іх упалі ў самім сэктары Газы, каля 200 былі перахопленыя ізраільскай сыстэмай супрацьракетнай абароны «Жалезны купал».
Як паведамляе міністэрства аховы здароўя сэктара Газы, з пачатку апэрацыі «Сьвітанак» там загінулі 32 жыхары, уключаючы шасьцярых дзяцей. Частка зь іх загінула ў выніку выбухаў ракет, выпушчаных па Ізраілі, якія не даляцелі да мэты. Паводле апошніхзьвестак, параненыя сама меней 203 чалавекі.
У панядзелак Рада Бясьпекі ААН правядзе пазачарговае пасяджэньне, прысьвечанае эскаляцыі канфлікту вакол сэктару Газы.
Ізраільская апэрацыя супраць тэрарыстычнай групоўкі «Ісламскі джыхад» паклала канец адноснаму спакою ўздоўж мяжы. Апошняе буйное сутыкненьне было ў траўні 2021 году, калі за 11 дзён жорсткіх баёў паміж Ізраілем і Палестынай загінулі сама меней 260 чалавек.
З 2009 году Ізраіль удзельнічаў у пяці канфліктах з Газай, якая знаходзіцца пад кантролем «Хамас».