Дарадца прэзыдэнта Польшчы Павал Муха ў Першай праграме Польскага радыё сказаў, што гэтая справа патрабуе ўмяшаньня ўсяго Эўразьвязу, і нагадаў, што прэзыдэнт Польшчы ўздымае беларускія пытаньні на форуме ЭЗ.
Ён падкрэсьліў, што асуджэньне Ірыны Слаўнікавай непрымальнае. І дадаў, што такія прысуды сьведчаць аб узмацненьні рэпрэсій з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
— Гэта сталы працэс, які патрабуе дзеяньняў усяго ЭЗ. Спадар прэзыдэнт падтрымлівае стараньні МЗС і таксама ўздымае дадзенае пытаньне на ўзроўні Эўразьвязу. На жаль, рэжым абвастрае напружаньне сваімі дзеяньнямі, такія крокі абсалютна непрымальныя.
Ірына Слаўнікава выконвала журналісцкія абавязкі падчас сацыяльных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Арыштавалі яе разам з мужам Аляксандрам Лойкам у кастрычніку мінулага году. Два дні таму суд у Гомлі прысудзіў ёй пяць гадоў калёніі нібыта за «арганізацыю акцый пратэсту і кіраваньне экстрэмісцкай групоўкай».
Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Сужэнцы адседзелі па 30 дзён адміністрацыйнага арышту: першыя 15 нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», другія 15 — за «дробнае хуліганства».
Празь нейкі час стала вядома, што Ірына Слаўнікава зрабілася падазраванай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). А ў канцы красавіка 2022 году бацька Ірыны Аляксандар Слаўнікаў даведаўся, што ягонай дачцэ выставілі новае абвінавачаньне — у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».
На пачатку чэрвеня Ірыну зь менскага СІЗА на Валадарскага перавялі ў гомельскае СІЗА № 3.