«Сяброўства Фінляндыі і Швэцыі яшчэ больш умацуе NATO, што зьяўляецца вельмі актуальным на фоне расейскай агрэсіі, на фоне амаральнай і несправядлівай пуцінскай вайны ва Ўкраіне. Пуцін умацоўвае саюз NATO, што найлепшым чынам дэманструе магутная падтрымка дамовы Сэнатам», — заявіў кіраўнік дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумер. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў гэтае рашэньне дэманстрацыяй глыбокай прыхільнасьці абедзьвюх партый падтрымцы NATO.
Хоць такое рашэньне Сэната чакалася, блізкая да аднадушнай падтрымка пашырэньня NATO за кошт Фінляндыі і Швэцыі прадэманстравала, што ізаляцыянісцкія тэндэнцыі, прыкметныя ў Рэспубліканскай партыі ў прэзыдэнцтва Дональда Трампа, пра чыё скептычнае стаўленьне да NATO было добра вядома, — справа мінулага. Як піша New York Times, амаль ніхто з рэспубліканцаў не выказаў сумненьняў наконт узяцьця на сябе абавязацельстваў па сумеснай абароне з краінай, у якой працяглая мяжа з Расіяй. Газэта адзначае, што чацьвёра зь пяці сэнатараў-рэспубліканцаў, якія, як чакаецца, гатовыя змагацца за партыйную намінацыю ў прэзыдэнты ЗША, прагаласавалі за гэтую дамову.
Ухваліць пагадненьне аб прыёме ў NATO двух новых членаў павінны ўсе 30 краін-членаў абарончага саюза. Адпаведнае рашэньне ўжо прынялі 23 краіны. Не зусім яснай застаецца пазыцыя Турцыі, якая абвінавачвала Швэцыю і ў меншай меры Фінляндыю ў тым, што яны даюць прытулак курдам, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі. Пагадненьне на гэты конт паміж Швэцыяй, Фінляндыяй і Турцыяй было дасягнута, але ў прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана ёсьць прэтэнзіі да выкананьня кандыдатамі ў NATO гэтага пагадненьня. Працэс прыёму двух новых чальцоў будзе, відаць, адным з самых хуткіх у сямідзесяцігадовай гісторыі NATO.