Актыўныя баявыя дзеяньні працягваюцца ў Данецкай і Луганскай абласьцях, але расейцы ня могуць істотна палепшыць свае пазыцыі і прасунуцца на адміністрацыйныя межы гэтых абласьцей.
На поўдні Ўкраіны, дзе Расея акупавала частку Херсонскай і Запароскай абласьцей, украінскія войскі ўсё эфэктыўней атакуюць тылавое забесьпячэньне расейцаў і працягваюць вызваляць населеныя пункты.
Атака з Касьпію не ўдалася — зьбілі 7 з 8 ракет
Увечары 2 жніўня па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны абвяшчалі паветраную трывогу. Яна працягвалася больш за гадзіну — з раёну Касьпійскага мора Расея запусьціла ў кірунку цэнтральных, паўднёвых і заходніх абласьцей Украіны восем ракет, сем зь якіх украінцы зьбілі. Адна ракета пацэліла ў зэнітна-ракетны комплекс на Львоўшчыне.
Расейская артылерыя пачынае страляць а 4-й раніцы. Трапілі ў царкву і дзіцячы садок
Каторы дзень запар расейцы пачынаюць абстрэлы ўкраінскіх рэгіёнаў а 4-й раніцы.
Трэцяга жніўня снарады паляцелі ў кірунку Харкава і Мікалаева, а яшчэ празь некалькі гадзін — у Днепрапятроўскую і Сумскую вобласьць. Паводле папярэдняй інфармацыі ўладаў, ахвяр сярод мірнага насельніцтва няма, але расейцы пашкодзілі шмат інфраструктурных аб’ектаў і жылых дамоў. У Крывароскім раёне Днепрапятроўшчыны ракеты пацэлілі ў царкву і дзіцячы садок.
Інфармацыі аб ахвярах сярод мірных жыхароў пакуль няма.
Актыўныя баявыя дзеяньні на поўдні і ўсходзе, эвакуацыя цывільных
Найбольш жорсткія баі цяпер адбываюцца ў Данецкай і Луганскай, а таксама ў Херсонскай абласьцях.
Улады Ўкраіны заклікаюць жыхароў усходу тэрмінова эвакуавацца, папярэджваюць, што зімой ня змогуць забясьпечыць іх вадой, цяплом і электраэнэргіяй. Але пакуль няшмат людзей гатовыя выехаць і выяжджаюць.
У Херсонскай вобласьці ўкраінскія войскі вызвалілі яшчэ сем населеных пунктаў.
Другога жніўня улада Херсонскай вобласьці паведаміла аб вызваленьні ўкраінскімі войскамі 46 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на мяжы з Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцямі.
Міжнародныя экспэрты аб посьпехах Украіны і Расеі
Аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны прагназуюць, што Расея паспрабуе зьмяніць сваю тактыку, каб захапіць Аўдзееўку на Данеччыне. Цяпер, паводле іх, атакі будуць ажыцьцяўляцца з боку так званай «ДНР». Паводле экспэртаў, расейцы ўжо выціснулі ўкраінскія падразьдзяленьні з шахты «Бутаўка», якая з 2015 году была ключавым фарпостам абароны Аўдзееўкі.
Расейскія войскі спрабавалі два месяцы прарвацца ў Аўдзееўку зь іншага боку, але так і не змаглі яе захапіць.
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі прааналізавала атаку ўкраінскіх войскаў на тыл забесьпячэньня Расеі ў Херсонскай вобласьці. Паводле брытанскіх выведнікаў, пасьля ўдару ўкраінцаў па эшалёне з расейскімі боепрыпасамі чыгунка, што злучае Херсон і Крым, не прыдатная для эксплуатацыі. Пэўна, яе адрамантуюць цягам некалькіх дзён, але яна заўсёды будзе заставацца ўразьлівай.
Паводле брытанскай выведкі, хутчэй за ўсё, Расея будзе выкарыстоўваць для перакідваньня войскаў і боепрыпасаў пантонны мост, зроблены пасьля пашкоджаньня ўкраінскімі сіламі Антонаўскага моста.
У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі таксама прагназуюць, што найбліжэйшым часам актывізацыя баявых дзеяньняў і пагаршэньне харчовай сытуацыі прывядзе да павелічэньня колькасьці мірных жыхароў, якія захочуць выехаць з Херсонскай вобласьці.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.