Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт дэлегацыі Кангрэсу ЗША на чале з Нэнсі Пэлосі прызямліўся ў аэрапорце Тайваню


Самалёт дэлегацыі Кангрэсу ЗША на чале са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі прызямліўся ў тайваньскім аэрапорце, нягледзячы на папярэджаньні з боку Кітая, які прыгразіў адрэагаваць на візыт ваеннымі мерамі.

Перад прызямленьнем Кітай закрываў для цывільных самалётаў паветраную прастору краіны ў кірунку Тайваньскага праліву. Агенцтва AFP са спасылкай на мясцовыя тэлеканалы паведамляла, што кітайскія зьнішчальнікі перасякалі Тайваньскі праліў.

Як толькі самалёт увайшоў у тайваньскую зону СПА, да пасадкі яго суправаджалі зьнішчальнікі тайваньскай арміі. Афіцыйна прыбыцьцё Пэлосі на Тайвань не анансавалася. Было толькі вядома, што яна ляціць з афіцыйнымі візытамі ў краіны Азіі.

Чакаецца, што ў сераду Пэлосі сустрэнецца з прэзыдэнтам Тайваню Цай Інвэнь і іншымі высокапастаўленымі заканадаўцамі. Таксама, як паведамляюць крыніцы агенцтва Reuters, Пэлосі плянуе сустрэцца з групай тайваньскіх актывістаў.

Кітайскі МЗС заявіў, што Пэкін расцэніць візыт як падрыў свайго сувэрэнітэту, і прыгразіў Вашынгтону сур’ёзнымі наступствамі. Напярэдадні пералёту амэрыканскай дэлегацыі пачаліся кітайскія ваенныя вучэньні побач з Тайванем, у тым ліку з адпрацоўкай дэсанта і стрэльбаў. У зоне канфлікту праведзены пуск гіпэргукавой крылатай ракеты. Агенцтва Reuters, спасылаючыся на неназваную крыніцу, паведаміла, што ў ноч на аўторак некалькі кітайскіх вайсковых самалётаў і баявых караблёў наблізіліся да сярэдняй лініі Тайваньскага праліву.

Напярэдадні ў кітайскіх сацсетках, якія кантралююцца дзяржавай, распаўсюджваліся заклікі зьбіць самалёт з дэлегацыяй.


На Тайвані існуюць як палітычныя плыні, якія прызнаюць адзінства з кантынэнтальным Кітаем пры розьніцы палітычных сыстэм, гэтак і рух за абвяшчэньне вострава асобнай сувэрэннай дзяржавай.

Улады Кітаю лічаць Тайвань сваёй тэрыторыяй і дэкляруюць намер узьяднацца зь ёю. ЗША не прызнаюць Тайвань незалежнай дзяржавай, як і большая частка краін ААН, але выступаюць рэзка супраць пагрозаў Кітаю сілай далучыць востраў.

Абнаўляецца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG