Што адбываецца?
Высокі прадстаўнік Пэнтагону на гэтым тыдні заявіў пра беспрэцэдэнтны рост «агрэсіўных і небясьпечных» паводзінаў Кітаю, скіраваных супраць ЗША і іх саюзьнікаў у паветранай прасторы над Паўднёвакітайскім морам.
Элі Ратнэр, памочнік міністра абароны ЗША, абвінаваціў Кітай у правакацыях — у тым ліку ў перахопе самалётаў на небясьпечных адлегласьцях і ў выпусканьні ў паветра аб’ектаў, якія могуць пашкодзіць рухавік самалёта. Як паведамляе The Washington Post, Ратнэр заявіў, што гаворка не пра дзеяньні асобных пілётаў — гэтыя інцыдэнты выглядаюць як сыстэмная і сьвядомая палітыка.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Кітаю Чжао Ліцзянь назваў гэтыя заявы цалкам падманлівымі і абвінаваціў Злучаныя Штаты ў тым, што яны самі ствараюць пагрозы міру і стабільнасьці, нарошчваючы сваю вайсковую прысутнасьць у рэгіёне.
Чаму гэта важна?
Апошнім часам амэрыканскія аналітыкі і прадстаўнікі вайсковых ведамстваў выказваюць засьцярогі, што Кітай можа скарыстацца расейскім нападам на Ўкраіну, каб ваенным шляхам захапіць Тайвань.
Перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што амэрыканскія вайскоўцы ня будуць удзельнічаць у ваенных дзеяньнях, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю. Аднак сёлета Байдэн ужо некалькі разоў заяўляў, што Злучаныя Штаты будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскага нападу.
Гаворка ідзе пра магчымае ваеннае сутыкненьне дзьвюх ядзерных дзяржаў. 28 ліпеня мае адбыцца тэлефонная размова паміж Байдэнам і кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам, дзе сытуацыя вакол Тайваню мае быць асноўнай тэмай.
Што варта ведаць пра Тайвань?
Грамадзянская вайна ў Кітаі скончылася ў 1949 годзе перамогай камуністаў на чале з Мао Цзэдунам. Камуністы ўзялі пад кантроль асноўную тэрыторыю Кітаю. Пераможаныя нацыяналісты на чале з Чан Кайшы захавалі пазыцыі толькі на востраве Тайвань, які аддзелены Тайваньскай пратокай ад кантынэнтальнага Кітаю.
Ад таго часу Тайвань фактычна існуе незалежна, афіцыйна называючы сябе Кітайская Рэспубліка. Доўгі час Тайвань актыўна прэтэндаваў на ролю адзінага легітымнага прадстаўніка ўсёй тэрыторыі Кітаю на міжнароднай арэне. Ад 1990-х гадоў, калі адбылася дэмакратызацыя Тайваню, гэтая пазыцыя зьмякчылася.
На востраве цяпер жыве каля 23 мільёнаў чалавек, рэгулярна адбываюцца дэмакратычныя выбары. Цяпер у палітычным жыцьці Тайваню існуюць дзьве асноўныя плыні — прыхільнікі пан-кітайскай ідэнтычнасьці, якія выступаюць за адзіны Кітай у будучыні на нейкіх кампрамісных умовах, і прыхільнікі тайваньскай ідэнтычнасьці — яны за міжнароднае прызнаньне незалежнасьці Тайваню. Цяперашняя прэзыдэнтка Тайваню Цай Інвэнь — прыхільніца курсу на фармальнае абвяшчэньне незалежнасьці.
Пры гэтым Кітайская Народная Рэспубліка са сталіцай у Пэкіне ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі называе Тайвань неадʼемнай часткай адзінага Кітаю і абяцае правесьці «ўзьяднаньне».
Які міжнародны статус Тайваню?
Да 1971 году Тайвань са сталіцай у Тайбэі (як Кітайская Рэспубліка) меў прадстаўніцтва ў ААН, але потым легітымным прадстаўніком Кітаю прызналі КНР са сталіцай у Пэкіне.
На сёньня толькі 14 краін маюць афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з Тайванем як з Кітайскай Рэспублікай: Бэліз, Ватыкан, Гаіці, Гандурас, Гватэмала, Маршалавы Астравы, Науру, Палаў, Парагвай, Сэнт-Кітс і Нэвіс, Сэнт-Люсія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, Тувалу, Эсватыні.
КНР таксама цісьне на тыя краіны, якія разьвіваюць эканамічнае супрацоўніцтва з Тайванем. Пасьля таго як у 2021 годзе адкрылася прадстаўніцтва Тайваню ў Літве, Кітай адклікаў адтуль свайго амбасадара і перарваў зь Літвой гандлёвыя адносіны.
Доўгі час ЗША мелі афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з Кітайскай Рэспублікай са сталіцай у Тайбэі, але ў 1979 годзе Вашынгтон скасаваў іх і ўсталяваў дыпляматычныя адносіны з КНР. Пры гэтым ЗША падтрымліваюць з Тайбэем неафіцыйныя адносіны, у тым ліку працягваюць вайсковыя пастаўкі, каб узмацніць здольнасьць Тайваню абараняцца, а таксама дасылаюць свае вайсковыя караблі ў Тайваньскую пратоку. Афіцыйная мэта Вашынгтону — захаваньне статус-кво ў рэгіёне.
Ці рэальная пагроза амэрыканска-кітайскай вайны за Тайвань?
Пэкін ніколі не выключаў выкарыстаньня сілы для «ўзьяднаньня» з Тайванем. У 2019 годзе прэзыдэнт Кітаю Сі Цзіньпін у ключавой прамове заклікаў да ўзьяднаньня і заявіў, што статус-кво ня можа працягвацца бясконца.
«Мы не даем абяцаньняў адмовіцца ад выкарыстаньня сілы і захоўваем за сабой магчымасьць зрабіць любыя неабходныя захады», — заявіў ён тады. Кітайскі кіраўнік тады падкрэсьліў, што «ўзьяднаньне» — гэта важная частка «кітайскай мары» аднавіць статус вялікай дзяржавы да 2049 году.
Апошнім часам прадстаўнікі амэрыканскіх вайсковых і палітычных ведамстваў папярэджваюць, што дзеяньні Кітаю каля Тайваню робяцца ўсё больш агрэсіўнымі і што гэта толькі «пытаньне часу», калі адбудзецца нейкі сурʼёзны інцыдэнт з удзелам кітайскіх і амэрыканскіх вайскоўцаў.
Візыт Пэлосі як алей у агонь?
Напружаньне яшчэ больш узмацнілася, калі стала вядома пра плянаваны на жнівень візыт у Тайвань сьпікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі. Прадстаўнікі Пэкіну заявілі, што такі візыт прывядзе да «моцных захадаў» з боку Кітаю.
Амэрыканскія заканадаўцы рэгулярна наведваюць Тайвань, але візыт такога ўзроўню стаў бы першым за чвэрць стагодзьдзя — апошні раз на Тайвань езьдзіў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Ньют Гінгрыч у 1997 годзе. Пры гэтым Гінгрыч быў абраны ад Рэспубліканскай партыі, а прэзыдэнтам у той час быў прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Біл Клінтан.
Пэлосі прадстаўляе Дэмакратычную партыю, як і прэзыдэнт, але Джо Байдэн ужо заявіў, адказваючы на пытаньне журналістаў пра магчымы візыт сьпікеркі: «Вайсковае кіраўніцтва лічыць, што цяпер гэта ня надта добрая ідэя».
Пры гэтым былы міністар абароны ў адміністрацыі Дональда Трампа Марк Эспэр, які нядаўна наведаў Тайвань, падтрымаў пазыцыю Пэлосі. Падчас дыскусіі, арганізаванай Атлянтычнай радай 26 ліпеня, Эспэр заявіў, што нельга дазваляць Пэкіну дыктаваць, куды могуць падарожнічаць прадстаўнікі ЗША.
Экс-міністар абароны ЗША лічыць, што дзеяньні Пэкіну ня будуць залежаць ад візыту Пэлосі, а будуць пераважна вызначацца ўнутранымі разьлікамі напярэдадні зьезду Камуністычнай партыі, які чакаецца ў лістападзе. На гэтым зьезьдзе, паводле Эспэра, практычна непазьбежнае пераабраньне Сі Цзіньпіна на кіраўнічую пасаду.
Эспэр ня лічыць, што Кітай гатовы ў найбліжэйшы час пачаць ваенныя дзеяньні супраць Тайваню. Аднак ён прагназуе, што такія дзеяньні могуць адбыцца ўжо празь некалькі гадоў, калі кітайскае кіраўніцтва палічыць абставіны спрыяльнымі.
Таму, паводле Эспэра, падчас сваіх сустрэчаў з кіраўніцтвам Тайваню ён заклікаў павялічыць выдаткі на абарону, узмацняць абарончую інфраструктуру, ствараць адзінкі тэрытарыяльнай абароны (у тым ліку выкарыстоўваючы досьвед Украіны), а таксама павялічыць тэрмін прызыўной службы ў войску да 12 месяцаў. На Тайвані захоўваецца абавязковы прызыў у войска, але ад 1990-х гадоў тэрмін такой абавязковай службы зьменшылі з 2 гадоў да 4 месяцаў.