Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен не гатовы прыняць рашэньне аб прызнаньні Расеі дзяржавай-спонсарам тэрарызму, нягледзячы на адпаведную рэзалюцыю Сэнату ЗША і заклікі ўплывовых амэрыканскіх палітыкаў, паведаміла газэта The New York Times.
Як піша выданьне, кіраўнік амэрыканскага дыпляматычнага ведамства асьцерагаецца, што прызнаньне Расеі краінай-спонсарам тэрарызму вымусіць яго ўвесьці санкцыі супраць некаторых саюзьнікаў ЗША, якія падтрымліваюць дзелавыя адносіны з Расеяй, і ўскладніць падтрыманьне дыпляматычных сувязей з Расеяй нават на цяперашнім мінімальным узроўні.
«Цана, якую Расею прымусілі плаціць мы і іншыя краіны цалкам роўная той, якая пасьледавала б у выніку прызнаньня Расеі краінай-спонсарам тэрарызму. Гэта значыць практычныя наступствы таго, што мы ўжо робім, тыя ж самыя», — заявіў Энтані Блінкен падчас прэс-канфэрэнцыі 28 ліпеня.
Паводле яго, любое рашэньне наконт гэтага павінна грунтавацца на існым юрыдычным падмурку.
Дзяржсакратар Блінкен выступіў з гэтай заявай пасьля ўхваленьня Сэнатам рэзалюцыі з заклікам унесьці Расею ў сьпіс краінаў-спонсараў тэрарызму. Гэтая рэзалюцыя фармальна зьяўляецца толькі рэкамэндацыяй. Права выносіць рашэньні па гэтым пытаньні належыць дзяржаўнаму сакратару. Аднак у Палату прадстаўнікоў быў унесены законапраект, у выпадку ўхваленьня якога адміністрацыя будзе вымушана прызнаць Расею краінай-спонсарам тэрарызму.
Прызнаньне Расеі краінай-спонсарам тэрарызму пацягне ўвядзеньне новых санкцый як супраць Крамля, так і супраць краінаў, якія працягваюць весьці бізнэс з Расеяй. Гэта таксама дазволіць грамадзянам прад’яўляць пазовы расейскаму ўраду ў амэрыканскіх судах і, патэнцыйна, атрымліваць кампэнсацыю за кошт арыштаваных расейскіх дзяржаўных актываў.