The New York Times паведамляе, што рэзалюцыю прынялі аднагалосна ўвечары 27 ліпеня.
У тэксьце рэзалюцыі сэнатары заклікаюць Дзяржаўны дэпартамэнт прызнаць Расею спонсарам тэрарызму за дзеяньні ў Чачэніі, Грузіі, Сырыі і Ўкраіне, якія прывялі да гібелі «незьлічонай колькасьці нявінных мужчын, дзяцей і жанчын».
Аналягічную рэзалюцыю ўнесьлі на разгляд Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Аднак кангрэсмэны і сэнатары ЗША ня могуць прыняць гэтае рашэньне самастойна, яго мусіць прыняць Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.
У траўні да абедзьвюх палат Кангрэсу з просьбай прызнаць Расею краінай –спонсарам тэрарызму зьвярнулася Вярхоўная Рада Ўкраіны. З заклікамі да сусьветнай супольнасьці зрабіць гэта рэгулярна зьвяртаюцца прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік Міністэрства замежных спраў краіны Дзьмітро Кулеба.
Пакуль у амэрыканскім сьпісе краін – спонсараў тэрарызму чатыры краіны: Сырыя, Іран, Куба і Паўночная Карэя.